Прыемныя сюрпрызы “пад ёлачку”

Грамадства Свежыя навіны

На Дзятлаўшчыне прадаўжаецца дабрачынная навагодняя акцыя “Нашы дзеці”, якая дорыць юным жыхарам раёна прыемныя сустрэчы, доўгачаканыя падарункі і сюрпрызы.

У рамках яе, а таксама акцыі “Прафсаюзы – дзецям” старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак і старшыня прафсаюзнай пярвічкі Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Святлана Дзяхцевіч з цёплымі пажаданнямі і падарункамі наведалі насельнікаў прытулка сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава.

– Дарагія дзеці і педагогі, жадаем вам шчасця, здароўя і дабрабыту ў надыходзячым годзе. У хлопчыкаў і дзяўчынак няхай шчасліва складзецца лёс. Расціце сапраўднымі грамадзянамі роднай краіны і памятайце пра тую ўвагу, якую надае вам дзяржава. Жадаю, каб у будучым вы стварылі моцныя дружныя сем’і, – звярнуўся да прысутных Уладзімір Казак.

Для сацыяльна-педагагічнага цэнтра ён уручыў дырэктару ўстановы Але Жэгалік грашовы сертыфікат на суму 150 рублёў.

Салодкія падарункі дзецям ад прафсаюзнай пярвічкі філіяла перадала Святлана Дзяхцевіч.

– Мы заўсёды рады гасцям, дзякуй за падарункі і нераўнадушныя адносіны, – падзякавала Ала Аркадзеўна.

Дружнае “дзякуй” прагучала за прыемны сюрпрыз і ад дзяцей.

У гэтыя святочныя дні на зімовых канікулах юныя насельнікі прытулка іх асабліва чакаюць і цвёрда вераць, што навагоднія цуды існуюць, а мары збываюцца. Значыць, у кожнага з нас ёсць магчымасць стаць добрым чараўніком.

Ірына СТЫРНІК  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga