Правы інвалідаў і іх сацыяльная інтэграцыя

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

На Дзятлаўшчыне пражываюць больш за 1900 чалавек з рознымі групамі інваліднасці, 97 з іх – дзеці.

У Беларусі ў 2022 годзе быў прыняты Закон “Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі”.

Аб важных новаўвядзеннях расказала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Васкель:

– У законе асучаснены і дапоўнены нормы, якія тычацца сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў. Да абілітацыі дадаткова аднесены сацыяльна-бытавая, сацыяльна-педагагічная падтрымка дзяцей-інвалідаў, псіхалагічная дапамога. Прадугледжана стварэнне на рэспубліканскім і мясцовым узроўнях цэнтраў рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў. Укараняецца новы механізм – кампенсацыя расходаў на асобныя самастойна набытыя тэхнічныя сродкі рэабілітацыі.

Цяпер практыкуецца, што людзі з інваліднасцю забяспечваюцца неабходнымі тэхнічнымі сродкамі праз органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. У нас гэтым займаецца Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна. За 11 месяцаў бягучага года ўстановай выдадзена 138 такіх сродкаў. Гэта смартфоны, тэлефоны з узмацняльнікам гуку, кійкі, мыліцы, крэслы-каляскі і іншае.

Тэхнічныя сродкі выдаюцца на падставе індывідуальнай праграмы рэабілітацыі, бясплатна або на ўмовах частковай аплаты. Аднак не ўсіх нашых грамадзян задавальняў прапанаваны пералік, было шмат пажаданняў, каб пэўныя прыстасаванні дазволілі выбіраць і купляць самім, з наступнай кампенсацыяй выдаткаў дзяржавай, і дзяржава пайшла насустрач. Новым законам прадугледжана пакрыццё расходаў на пакупку такіх сродкаў рэабілітацыі.

Істотная ўвага нададзена стварэнню ўмоваў для забеспячэння незалежнага ладу жыцця інвалідаў. Законам замацоўваецца тэрмін “даступнае асяроддзе”. Ён мае больш шырокі сэнс, чым вядомае нам паняцце “безбар’ернае асяроддзе”. Чалавек з інваліднасцю павінен мець права не толькі на свабоду перамяшчэння, але і паўнапраўна ўдзельнічаць ва ўсіх сферах жыцця грамадства.

Адным з важных новаўвядзенняў з’яўляецца ўстанаўленне квот для прыёму на работу людзей з інваліднасцю. Цяпер распрацоўваецца закон аб занятасці насельніцтва, дзе будзе прапісаны механізм кватавання. Тэрмін уступлення гэтай нормы ў сілу аднесены на 1 студзеня 2025 года.

У Беларусі норма закране сярэднія і буйныя прадпрыемствы з колькасцю работнікаў 100 чалавек і больш. У дачыненні да малых і мікраарганізацый прадоўжыць дзейнічаць механізм браніравання працоўных месцаў для прыёму на работу грамадзян з ліку беспрацоўных інвалідаў.

Норма скіравана на матывацыю наймальнікаў. Законам замацаваны гарантыі выканання правоў інвалідаў ва ўмовах надзвычайных сітуацый. Прадугледжваецца, што на ўсіх стадыях работы, якая тычыцца пытанняў забеспячэння абароны і бяспекі насельніцтва, павінны ўлічвацца патрэбы людзей з абмежаванымі па здароўі магчымасцямі. Гэта адносіцца да сродкаў абвесткі, працэдуры эвакуацыі і іншых аспектаў.

У Законе замацавана новае паняцце “беларуская жэставая мова”. Размова ідзе аб самабытнай мове, сфарміраванай супольнасцю інвалідаў з парушэннем слыху, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі. Памылкова думаць, што глухія людзі ва ўсім свеце кантактуюць з дапамогай абсалютна аднолькавых жэстаў. У кожнай краіне ёсць свае асаблівасці.

Прадугледжваецца стварэнне новага інфармацыйнага рэсурсу – аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы па ўліку даступнасці аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры ці іншымі словамі “Карты даступнасці аб’ектаў”. Яна дазволіць чалавеку з інваліднасцю загадзя азнаёміцца з характарыстыкамі, напрыклад, магазіна або кафэ, якія ён хоча наведаць: ці ёсць там пандус, ці ўсталяваны маўленчы інфарматар, ці прадубліравана інфармацыя з дапамогай шрыфта Брайля, іншае. Звесткі будуць размяшчацца на публічнай кадастравай карце ў Інтэрнэце.

Падрыхтавала Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga