Няхай усе жаданні збудуцца

Галоўнае Улада

Навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” прадаўжае крочыць па Дзятлаўшчыне, прыносячы дзецям прыемныя сюрпрызы і яркія радасныя моманты.

У пераднавагоднія дні з віншаваннямі і падарункамі маленькіх дзятлаўчан наведаў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі разам з начальнікам аддзела адукацыі райвыканкама Марынай Лашкоўскай.

Яны выступілі ў ролі добрых чараўнікоў і выканалі жаданні саміх дзетак і адміністрацыі ўстановаў адукацыі, а таксама прыёмных бацькоў.

Выхаванцы сацыяльна-педагагічнага цэнтра папрасілі ў Дзядулі Мароза новае адзенне і абутак, былі вельмі рады абноўкам, а таксама вялікаму кошыку садавіны. Разам з кіраўніцтвам раёна і выхавальнікамі яны згулялі ў навагоднія гульні, загадалі жаданні.

– Кожны ў Новы год загадвае сваё запаветнае жаданне, чакае цудаў. Вельмі хочацца, каб вашы мары абавязкова збыліся. Жадаю міру, дабрабыту і моцнага здароўя, – адзначыў Андрэй Садоўскі.

Андрэю Уладзіміравічу і Марыне Яўгенаўне прапанавалі пазнаёміцца з умовамі пражывання, якія дзяржава стварае для дзяцей, якія маюць патрэбу ў асаблівай увазе, акрамя гэтага, прапанавалі паўдзельнічаць у імправізаванай фотасесіі.

У Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі таксама чакалі старшыню райвыканкама. Ад кіраўніцтва раёна Андрэй Садоўскі падарыў установе драўляны домік для гульні на вуліцы, які тут вельмі чакалі, а таксама цацкі і салодкія прэзенты, якімі дзеці паспяшаліся пачаставацца.

– Дзеці раёна атрымліваюць дзяржаўную падтрымку і дапамогу не толькі ў час навагодняй акцыі, але і ўвесь год,– адзначыў Андрэй Уладзіміравіч. – Аднак у такі казачны святочны перыяд усе стараюцца абавязкова завітаць і парадаваць хлопчыкаў і дзяўчынак, якім асабліва патрэбна ўвага. Вашай установе, калектыў якой увасабляе лепшыя чалавечыя якасці, такія, як спагада, душэўнасць, клопат аб дзецях, хочацца пажадаць моцнага здароўя, мірнага неба і поспехаў у справах.

Дырэктар цэнтра Марына Гуговіч падзякавала гасцям за патрэбныя падарункі і адзначыла, што добрыя землякі не абыходзяць увагай іх установу. Не адзін год шэфства над імі трымае ТАА “Ізакам”: у мінулым годзе прадпрыемства падарыла дзецям з абмежаванымі магчымасцямі сенсорны стол, вельмі патрэбны ў навучальным працэсе, сёлета – вертыкалізатар, неабходны для рэабілітацыі дзяцей і адаптацыі да жыцця.

У гасцінным доме Шэлегаў гасцей чакала ўся дружная сям’я – дзевяць дзяцей разам з прыёмнымі бацькамі-выхавальнікамі Марынай Генадзьеўнай і Аляксандрам Леанідавічам. Разам яны выхоўваюць дзяцей у любові і добразычлівасці, ствараючы ў дзіцячым доме сямейнага тыпу сапраўдную атмасферу сямейнага ачага. У гэтым годзе сям’я Шэлегаў заняла 2 месца ў абласным фестывалі-конкурсе прафесійнага майстэрства замяшчальных бацькоў “Планета сям’я” і атрымала ўзнагароду – сертыфікат на 400 рублёў.

Марына Яўгенаўна павіншавала добрых таленавітых дзетак і іх прыёмных бацькоў, пажадала ўсяго найлепшага ў надыходзячым годзе.

Ад кіраўніцтва раёна Андрэй Садоўскі падарыў дружнай сям’і тое, што прасілі гаспадары: пыласос, каб матулі было прасцей трымаць у чысціні вялікі дом, а таксама садовыя арэлі, каб дзеці і дарослыя разам адпачывалі ў двары.

– Нашы дзверы заўжды адчынены для вас, мы адкрытыя для вашых пажаданняў і заўжды гатовы дапамагчы дзецям Дзятлаўшчыны, – адзначыў кіраўнік раёна. – Бо пад вашай апекай самае каштоўнае і важнае ў жыцці – нашы маленькія землякі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga