Новы год – час добрых падарункаў

Галоўнае Улада

Сёлета абласны дэпутацкі корпус выступіў з ініцыятывай напярэдадні навагодніх святаў аказаць дапамогу дашкольным навучальным установам Прынёмання.

На Дзятлаўшчыне ў рамках акцыі “Нашы дзеці” грашовыя сертыфікаты на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы за кошт сродкаў раённага бюджэту атрымаюць усе дашкольныя ўстановы адукацыі.

Прыемная місія – уручыць такія падарункі ў дзіцячых садах № 1 і № 2 горада Дзятлава выпала старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандру Бараноўскаму і начальніку аддзела адукацыі райвыканкама Марыне Лашкоўскай, прыемныя сустрэчы ў рамках акцыі прадаўжаюцца.

Выхаванцы дашкольных установаў вырашылі парадаваць гасцей сваімі талентамі і падрыхтавалі для іх невялікія выступленні.

Маленькія наведвальнікі дзіцячага сада № 2 горада Дзятлава павіталі Аляксандра Бараноўскага і Марыну Лашкоўскую яркім танцам снягурачак, а дзеці дзіцячага сада № 1 здзіўлялі цыркавым шоу з “дрэсіраванымі галубамі”, а таксама рытмічным музычным нумарам са званочкамі.

– Новы год – цудоўнае свята, якога з надзеяй на лепшае чакаюць не толькі дзеці, але і дарослыя, – адзначыў Аляксандр Бараноўскі. – Няхай усе жаданні спраўдзяцца, і разам са святамі да дзятлаўчан прыйдуць моцнае здароўе, мір, радасць, спакой і спаўненне жаданняў. Прыемна, што грашовыя сертыфікаты дадуць магчымасць усім дашкольным установам раёна набыць новыя цацкі, мэблю, інвентар – адным словам, тое, што зробіць будні выхаванцаў і педагогаў яшчэ больш камфортнымі, радаснымі, цікавымі. Няхай у святы душы і сэрцы землякоў адкрыюцца для ўдачы, шчасця і дабрабыту.

Марына Лашкоўская перадала для хлопчыкаў і дзяўчынак з кожнай установы “кошычкі здароўя” з сакавітымі фруктамі, шмат прыемных эмоцый удзельнікам сустрэч падарылі сумесныя карагоды пад ёлачкай і навагодняя фотасесія.

 

Ірына СТЫРНІК  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga