Новы год адзін для ўсіх

Галоўнае Улада

У Цэнтры культуры і народнай творчасці горада Дзятлава адбылося раённае навагодняе свята з удзелам кіраўніцтва раёна.

На галоўнае мерапрыемства дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” прыехалі юныя госці з розных куткоў Дзятлаўшчыны – адораныя вучні, выніковыя спартсмены, хлопчыкі і дзяўчынкі з прыёмных і апякунскіх сем’яў, дзеці з абмежаванымі магчымасцямі, выхаванцы сацыяльна-педагагічнага цэнтра.

Удзельнікаў мерапрыемства павітаў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі.

– Вельмі рады бачыць сёння вас усіх у гэтай зале са шчырымі ўсмешкамі і радасцю ў вачах, – звярнуўся Андрэй Уладзіміравіч да юных дзятлаўчан. – Навагоднія і калядныя святы аб’ядноўваюць нас вакол галоўных чалавечых каштоўнасцяў – дабрыні, цярпення, міласэрнасці, спагады, моцнай дружбы, шчырай любові да сваіх бацькоў, родных, блізкіх, да нашай Беларусі.

Паважаныя дзеці, вы з’яўляецеся гонарам сваіх сем’яў, навучальных установаў раёна. Вы маеце магчымасць рэалізоўваць свае таленты ў вучобе, творчасці і спорце. Многія з вас, нягледзячы на юны ўзрост, дастойна прадстаўляюць Дзятлаўшчыну на абласных, рэспубліканскіх конкурсах і спаборніцтвах. Мы вельмі ганарымся вамі. Дзейнасць кіраўніцтва раёна забяспечвае развіццё творчага патэнцыялу маленькіх грамадзян, дапамагае расці духоўна і фізічна здаровымі, быць карыснымі сваёй краіне. Вы дапамагаеце нашаму грамадству мяняцца да лепшага, рухацца наперад, развівацца. Сваім прыкладам вы даказваеце, што моладзь можа жыць цікавым насычаным жыццём. Жадаю, каб у надыходзячым годзе ў вас хапіла сіл не толькі дасягнуць перамог на абраным шляху. Я веру, што ў хуткім часе вы станеце дастойным прадаўжэннем лепшых традыцый нашага народа і будзеце праслаўляць наш рэгіён. Дазвольце падзякаваць вам за актыўную жыццёвую пазіцыю, важкі ўклад у развіццё нашага раёна і павіншаваць з надыходзячым Новым годам. Жадаю здароўя і ўдачы, верных сяброў і шчырых людзей на жыццёвым шляху.

У святочнай зале госці мерапрыемства акунуліся ў чароўныя навагоднія прыгоды, разам з казачнымі героямі адшукалі посах Дзеда Мароза, апладысментамі сустрэлі выступленні творчых калектываў Казлоўшчынскага філіяла дзіцячай школы мастацтваў, дзіцячага сада № 2 горада Дзятлава і артыстаў раёна.

Свята прадоўжылася каля галоўнай гераіні Новага года – упрыгожанай ёлкі, вакол якой дзеці павадзілі карагоды разам са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім, старшынёй Савета дэпутатаў Аляксандрам Бараноўскім, намеснікам старшыні райвыканкама Ігарам Кухарэвічам, начальнікам аддзела адукацыі Марынай Лашкоўскай і намеснікам начальніка аддзела Аленай Жадзейка.

На раённай ёлцы юных дзятлаўчан чакалі жарты, песні, конкурсы, танцы і, вядома, падарункі.

Усе жадаючыя маглі зрабіць фотаздымак на памяць каля навагодняй фотазоны-2023.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga