За добрасумленную службу і ўзаемадзеянне

Важнае Грамадства

17 лістапада, у Дзень участковых інспектараў міліцыі, прыемная сустрэча чакала Віталія Грышука, які задзейнічаны ў ахове правапарадку на трох адміністрацыйных участках – у Войневіцкім, Казлоўшчынскім, Парэцкім сельскіх саветах.

Павіншаваць яго з прафесійным святам і ўручыць узнагароды прыехалі намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч і намеснік начальніка Дзятлаўскага РАНС Аляксандр Беленка, да якіх далучыліся спецыялісты Парэцкага сельвыканкама, прадстаўнікі мясцовых установаў і сельгаспрадпрыемства.

– Служба ў органах унутраных спраў патрабуе вялікай адказнасці, а для ўчастковага інспектара міліцыі асабліва, – зазначыў Ігар Станіслававіч. – Вам даводзіцца працаваць з усімі катэгорыямі насельніцтва, шукаць падыходы да кожнага чалавека. Як паспяховаму праваахоўніку, вам давераны адразу тры адміністрацыйныя ўчасткі. Са службовымі задачамі вы дастойна спраўляецеся, што не было пакінута па-за ўвагай раённага выканаўчага камітэта. Жадаю, каб у жыцці менш было неспакойных будняў і сур’ёзных здарэнняў, каб замацаваныя за вамі ўчасткі заўсёды былі на вышыні, моцнага здароўя, шчасця, аптымізму, упэўненасці ва ўсіх пачынаннях, міру і дабрабыту ў сям’і.

За добрасумленную службу ў органах унутраных спраў, асабісты ўклад у ахову грамадскага парадку, дасягненне высокіх вынікаў службовай дзейнасці і ўзорную выканаўчую дысцыпліну Ігар Кухарэвіч уручыў Віталію Грышуку Падзячны ліст старшыні Дзятлаўскага райвыканкама.

Да віншаванняў далучыўся Аляксандр Беленка:

– Калі перад нашым ведамствам паўстала пытанне ўзнагародзіць за супрацоўніцтва да прафесійнага свята ўчастковага інспектара міліцыі, мы не доўга выбіралі. Ведаючы вашу нагрузку, выніковае і хуткае вырашэнне пытанняў, у тым ліку па забеспячэнні прафілактыкі і папярэджанні надзвычайных сітуацый, адразу спыніліся на вашай кандыдатуры. Жадаю, каб па службе заўжды спадарожнічала ўдача, каб і надалей вы заставаліся добрым чалавекам, кар’ернага росту і спаўнення жаданняў.

Ён уручыў Віталію Іванавічу Падзяку раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях за актыўнае міжведамаснае ўзаемадзеянне па абароне насельніцтва і тэрыторый Дзятлаўскага раёна і ў сувязі з 99-й гадавінай з дня заснавання службы ўчастковых інспектараў міліцыі.

Свае спадзяванні на далейшае плённае супрацоўніцтва з Віталіем Грышуком выказалі і спецыялісты мясцовых установаў, якія ў гонар прафесійнага свята падарылі яму кветкі.

Ірына СТЫРНІК    

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga