Як жывеш, “Планета Сям’я”?

Важнае Грамадства

Падарыць сямейнае цяпло, упэўненасць у заўтрашнім дні, пяшчоту дзецям, якія засталіся без апекі родных бацькоў, здольны толькі моцныя духам, мудрыя людзі.

Вынікі раённага этапу абласнога фестывалю-конкурсу замяшчальных сем’яў “Планета Сям’я” з уручэннем узнагародаў і падарункаў падвялі на Дзятлаўшчыне. Прыёмных матуляў у  сацыяльна-педагагічным цэнтры горада Дзятлава ўшанавалі галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Чайкоўская і дырэктар установы Ала Жэгалік.

– Конкурс праходзіць адзін раз на два гады. Ён скіраваны на папулярызацыю вопыту выхавання дзяцей у замяшчальных сем’ях і прывабліванне іншых людзей да гэтай высакароднай справы, – зазначыла Алена Чайкоўская. – На раённым этапе конкурсу прыёмныя сем’і-ўдзельніцы разам з установамі адукацыі, дзе вучацца дзеці, у форме творчых справаздач адлюстравалі мадэль свайго сямейнага выхавання і падрыхтавалі арыгінальныя, творчыя відэаролікі “Прафесія бацькі”. Відэа атрымаліся цудоўнымі, у іх прасочваецца дастойны вопыт выхавання, тыя цікавінкі, якія ёсць менавіта ў вашых сем’ях. Гэтым варта дзяліцца з людзьмі, якія таксама жадаюць стаць кандыдатамі ў прыёмныя бацькі і бацькі-выхавальнікі. Мы ганарымся вашай работай і лічым яе самай дастойнай. Выхаванне годных людзей і грамадзян – гэта галоўнае ў жыцці. Па ацэнцы журы ўжо выбраны раённыя пераможцы, якія будуць прадстаўляць Дзятлаўшчыну на абласным этапе конкурсу.

Прыемным і хвалюючым момантам сустрэчы стала ўзнагароджанне. Лепшымі ў раёне на гэты раз прызнаны і адзначаны Дыпломамі І ступені і памятнымі падарункамі прыёмная матуля Таццяна Сянчурына і бацькі-выхавальнікі дзіцячага дома сямейнага тыпу Аляксандр і Марына Шэлегі.

Падарункі і дыпломы ўдзельнікаў раённага этапу конкурсу атрымалі Людміла Асіпук-Фатон, Вольга Гушча, Ала Пратас, Ніна Млынарчык.

– Далучаюся да цёплых словаў, выказаных на ваш адрас, – звярнулася да матуляў Ала Жэгалік. – Быць мамай 24 гадзіны ў суткі, 365 дзён на год – не проста прафесія. Дзякуй вам за шчырасць, клопат, дабрыню, якімі вы агортваеце сваіх дзяцей. Нізкі паклон за вашы любоў і высакароднасць. Творчыя справаздачы аб сямейным выхаванні Аляксандра і Марыны Шэлегаў, а таксама Таццяны Сянчурынай ужо перададзены ў Гродна для ўдзелу ў абласным этапе конкурсу, пажадаем ім поспехаў.

Яшчэ адным прыемным момантам урачыстасці стаў прагляд сямейных відэастужак, дзе ўсяго ў тры хвіліны змясцілася ўся гісторыя жыцця кожнай сям’і.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga