Як на Дзятлаўшчыне скарыстацца паслугамі няні?

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна і яго структурныя падраздзяленні ажыццяўляюць комплекснае абслугоўванне пажылых грамадзян, інвалідаў і іншых уразлівых катэгорый жыхароў Дзятлаўшчыны, аказваюць арганізацыйную, практычную і метадычную дапамогу ў гэтым кірунку.

Больш падрабязна пра работу запатрабаванага ў дзятлаўчан аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму расказала яго загадчыца Іна Петрукевіч, спыніўшыся на яшчэ мала вядомай у раёне паслузе няні.

– Наша аддзяленне прапануе паслугі ў форме сацыяльнага абслугоўвання на даму, паслугі сядзелкі, інавацыйныя формы абслугоўвання (прыёмныя, гасцявыя, замяшчальныя сем’і), паслугі па рамонце і пашыве швейных вырабаў, а таксама паслугі няні або пагадзіннага догляду дзяцей. Цяпер гэта паслуга вельмі запатрабавана ў Дзятлаўскім раёне. Толькі за апошні месяц у Цэнтр звярнуліся і заключылі дагаворы на яе аказанне 3 сям’і. Усяго бясплатныя паслугі пагадзіннага догляду дзяцей аказваюцца 6 сем’ям.

– Хто мае права на аказанне паслуг няні на бясплатнай аснове?

– Сем’і, якія гадуюць дзяцей-інвалідаў; 2-3 дзяцей, якія нарадзіліся адначасова; у якіх абодве бацькоў або адзін у няпоўнай сям’і з’яўляюцца інвалідамі І ці ІІ групаў.

– Як аформіць паслугу няні?

– Трэба звярнуцца ў Цэнтр з адпаведнай заявай. Да яе неабходна прыкласці дакумент, які сведчыць асобу; дакумент устаноўленага ўзору аб праве на льготы; пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці (дзяцей); пасведчанне інваліда – для сем’яў, якія гадуюць дзіця-інваліда (дзяцей-інвалідаў), і сем’яў, дзе бацькі (адзін у няпоўнай сям’і) з’яўляюцца інвалідамі; даведку аб тым, што дзіця з’яўляецца навучэнцам, з указаннем дадатковых звестак аб атрыманні адукацыі дома – для дзяцей-інвалідаў, якія вучацца ва ўстанове адукацыі з атрыманнем адукацыі дома. Затым работнікі цэнтра павінны абследаваць жыллёва-бытавыя ўмовы сям’і і заключыць дагавор.

– Ці бываюць выпадкі, калі паслугі няні не прадастаўляюцца?

– Бываюць. Калі дзіця (дзіця-інвалід) атрымлівае асноўную або спецыяльную адукацыю ва ўстанове адукацыі; дзіця-інвалід атрымлівае асноўную або спецыяльную адукацыю ва ўстанове адукацыі, а дадатковую для дзяцей і моладзі – дома; калі сям’і, дзе ёсць дзіця-інвалід, аказваюцца паслугі па доглядзе дзяцей-інвалідаў (паслугі сацыяльнай перадышкі), якія аказваюцца дамамі-інтэрнатамі; калі догляд дзіцяці-інваліда з атрыманнем адпаведнай грашовай дапамогі ажыццяўляе іншая асоба, якая не з’яўляецца маці (бацькам), законным прадстаўніком.

– Ці могуць скарыстацца паслугамі няні іншыя катэгорыі сем’яў?

– Для іншых, маючых патрэбу катэгорыяў сем’яў гэта таксама магчыма ў рамках пілотнага праекта, які з’яўляецца адным з пунктаў комплексу мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека” на 2021-2025 гады. У рамках яго паслугай могуць скарыстацца: сем’і, якія гадуюць 2 і больш дзяцей да 3 гадоў (дзяцей-пагодкаў); сем’і, дзе маці выйшла на работу да заканчэння водпуску па доглядзе дзіцяці да 3 гадоў; іншыя сем’і, дзе гадуюцца дзеці да 3 гадоў, якія маюць патрэбу ў паслугах няні.

Аказанне паслугаў няні ў рамках пілотнага праекта будзе платным. Цана за адну гадзіну складзе прыкладна 5-6 беларускіх рублёў. Па больш падрабязную інфармацыю звяртайцеся ў Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на адрас: г. Дзятлава, вул. Кастрычніцкая, 56. Тэлефоны для даведак: 2-45-08, 2-71-54 (спецыяліст па сацыяльнай рабоце Інэса Уладзіміраўна Стырнік).

Падрыхтавала Ірына КАЎКЕЛЬ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga