Таццяна Цівунчык: “Раз мы здаровыя, то павінны дапамагаць другім”

Важнае Грамадства

Чалавек – істота гуманная, са спагадай і суперажываннем ставіцца да чужой бяды.

Як часта мы хочам дапамагчы людзям, але не маем рэсурсаў і сродкаў, каб гэта зрабіць. Між тым існуе просты і даступны спосаб быць карысным чалавецтву – стаць донарам.

За 10 месяцаў 2022 года для аказання трансфузіялагічнай дапамогі філіялам Гродзенскага абласнога цэнтра трансфузіялогіі ў горадзе Слоніме было выдадзена 61, 078 літра эрытрацытаў. Гэта працэдура нескладаная і даступная кожнаму здароваму чалавеку. У той жа час на ўвесь Дзятлаўскі раён толькі 25 актыўных донараў. У іх ліку – санітарка прыёмнага аддзялення Дзятлаўскай ЦРБ Таццяна Цівунчык. Здаваць кроў для выратавання людзей жанчына, як і яе калегі, пачала па закліку сэрца. У 2021 годзе яна была ўзнагароджана нагрудным знакам “Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь”.

– Працую ў раённай бальніцы ўжо 27 гадоў, амаль 20 з іх з’яўляюся донарам. Калі прыйшла на работу, бачыла, што калегі здаюць кроў і кампаненты, і аднойчы вырашыла сама паспрабаваць: хацелася быць карыснай людзям. Сабрала неабходныя даведкі, здала аналізы, была рада, што ўсе яны падышлі, так я стала донарам, – расказвае жанчына. – Спачатку здавала толькі кроў, а ўжо з дзясятак гадоў – і плазму. Цяпер дзеля гэтага адзін раз на месяц езджу ў Слонім, пераважна здаю на платнай аснове, раз на год кожны донар аддае сваю кроў бязвыплатна. Там на месцы ў нас бяруць аналізы, праходзім агляд тэрапеўта, у буфеце сілкуемся салодкім чаем з лёгкім пячэннем і ідзём на працэдуру. Пасля гэтага стан кожнага донара кантралююць медыкі.

Таццяна Міхайлаўна лічыць донарства асаблівай місіяй, патрэбнай людзям ва ўсе часы:

– Кожны раз, здаючы сваю кроў і яе кампаненты, мы аддаём часцінку здароўя тым, каму гэта спатрэбіцца. Раз мы здаровыя, то павінны дапамагаць другім. З нас не зменшае, а жыццё чалавека можа быць уратавана. Пераліванне крыві можа спатрэбіцца людзям, якія хварэюць на анкалогію, цяжкія формы каранавіруснай інфекцыі, маюць паніжаны гемаглабін або становяцца ахвярамі аварый і катаклізмаў. Наша кроў вельмі патрэбна людзям. Заклікаю ўсіх, у каго ёсць магчымасць, стаць донарам. Гэта маленькае дабро для іншых людзей, якое яшчэ і ўзнагароджваецца дзяржавай.

***

Донарства было і застаецца адной з найважнейшых медыка-сацыяльных задач, звязаных з прафілактыкай і лячэннем шэрагу цяжкіх захворванняў, са зніжэннем дзіцячай і мацярынскай смяротнасці, своечасовым аказаннем экстраннай трансфузіялагічнай дапамогі пацярпелым пры стыхійных бедствах, тэхналагічных аварыях і катастрофах. Пераліванне кампанентаў крыві і лекавых сродкаў, прыгатаваных з іх, застаецца адным з найбольш запатрабаваных метадаў лячэння, асабліва калі гаворка ідзе пра выратаванне чалавечага жыцця. Да гэтага часу кроў ніхто не навучыўся сінтэзаваць, гэта ўнікальны прадукт.

Донарства карысна і для здароўя самога донара крыві. Адбываецца актывізацыя ўсіх функцый і сістэм арганізма, выпрацоўваецца ўстойлівасць да страты крыві пры аварыях, апёках, цяжкіх аперацыях, стымуляванне імунітэту, вывядзенне лішняга баласта з арганізма і разгрузка органаў. Людзі, якія пастаянна здаюць кроў, жывуць на 5 гадоў даўжэй за сярэднестатыстычных. Донарства абсалютна бяспечна для самога чалавека, бо тэхналогіі нарыхтоўкі крыві і яе кампанентаў выключаюць магчымасць інфікавання.

Хто можа стаць донарам?

Да выканання донарскай функцыі дапускаюцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна жывуць у Рэспубліцы Беларусь, ва ўзросце ад 18 да 60 гадоў, якія валодаюць поўнай дзеяздольнасцю, не пакутуюць на захворванні і станы, пры якіх здача крыві супрацьпаказана.

Што атрымлівае донар?

Першая здача крыві – бязвыплатная, наступныя ажыццяўляюцца на платнай аснове.

Бязвыплатны донар атрымлівае грашовую кампенсацыю кошту харчавання пасля здачы крыві і яе кампанентаў у памеры 33,98 рубля, бясплатнае харчаванне перад здачай крыві і яе кампанентаў; у дзень выканання донарскай функцыі работнікі вызваляюцца ад работы з захаваннем сярэдняга заробку за гэты дзень за кошт наймальніка, навучэнцы – ад заняткаў. Пасля здачы крыві донару прадастаўляецца адзін дадатковы дзень адпачынку без захавання сярэдняга заробку, ён можа быць далучаны да працоўнага водпуску або выкарыстаны ў іншы час.

Донар, які здае кроў на платнай аснове, атрымлівае грашовую кампенсацыю пасля здачы крыві і яе кампанентаў у памеры 152,92 рубля, таксама бясплатнае харчаванне і аплачваемы выхадны дзень. Навучэнцы вызваляюцца ад заняткаў у дзень здачы крыві, атрымліваюць грашовыя выплаты ў памеры і на ўмовах, вызначаных Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. Пасля здачы крыві донару прадастаўляецца адзін дадатковы дзень адпачынку з захаваннем сярэдняга заробку за кошт арганізацыі пералівання крыві, ён можа быць далучаны да працоўнага водпуску або выкарыстаны ў іншы час.

Як стаць донарам?

Пры першым звароце ў арганізацыю пералівання крыві пры сабе неабходна мець пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь ці від на жыхарства; ваенны білет або пасведчанне прызыўніка (калі ёсць); флюараграфію з адзнакай аб выніках абследавання (1 раз на год); выпіску з медыцынскіх дакументаў аб перанесеных захворваннях і аперацыях з паліклінікі па месцы жыхарства або вучобы, жанчынам – вынік агляду доктарам-гінеколагам.

Па дадатковую інфармацыю тэлефанаваць у Слонімскі філіял Гродзенскага абласнога цэнтра трансфузіялогіі на нумар 8-01562-4-79-63.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga