Праект “100 ідэй для Беларусі” стартуе. Далучайцеся!

Да ведама грамадзян Свежыя навіны

Пачынаецца новы сезон гэтага папулярнага моладзевага праекта, заяўкі на ўдзел у якім можна падаць да 30 лістапада 2022 года.

Першы сакратар Дзятлаўскага раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык нагадвае, што конкурс “100 ідэй для Беларусі” скіраваны на ўключэнне моладзі ў вырашэнне задач сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны, рэалізацыю інавацыйных праектаў і навукова-тэхнічных распрацовак, актывізацыю інавацыйнага мыслення.

Прыняць удзел у праекце запрашаюць маладых людзей, а таксама калектывы аўтараў ва ўзросце 14-31 гадоў або маладых навукоўцаў да 35 гадоў пры ўмове, што яны своечасова пададуць заяўкі, праекты і бізнес-ідэі для разгляду ў адпаведнасці з палажэннем конкурсу.

Пераможцаў і прызёраў вызначаць у дзвюх групах моладзі: сярод навучэнцаў установаў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а таксама сярод студэнтаў, курсантаў, слухачоў установаў вышэйшай адукацыі, працоўнай моладзі, маладых навукоўцаў да 35 гадоў.

Аўтарскія праекты неабходна прадастаўляць у дэманстрацыйным выглядзе (прэзентацыя, відэаролік, макет, раздатачны матэрыял і іншае). Удзельнікі павінны максімальна выразна апісаць свой праект, яго актуальнасць, навізну і арыгінальнасць, мэты і задачы, якія будуць вырашаны пры рэалізацыі, тэхнічныя (эканамічныя, сацыяльныя) перавагі.

Паспаборнічаць можна ў наступных намінацыях:

энергетыка, у тым ліку атамная, і энергаэфектыўнасць;

аграпрамысловыя тэхналогіі і фермерства;

прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі;

ахова здароўя (медыцынскія тэхналогіі, фармацыя, бія- і нанаіндустрыя);

хімічныя тэхналогіі, нафтахімія;

інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі;

экалогія (рацыянальнае прыродакарыстанне і глыбокая перапрацоўка прыродных рэсурсаў);

нацыянальная бяспека і абарона ад надзвычайных сітуацый;

грамадства і сацыяльная сфера;

лепшая бізнес-ідэя.

Выбірайце сваю намінацыю і адпраўляйце заяўку на электронны адрас раённай моладзевай арганізацыі: brsmdyаtlovo@mail.ru (тэлефоны для даведак: 2-52-63, 2-52-61).

Прыём заявак на першы этап праекта прадоўжыцца да 30 лістапада. Другі, занальны этап конкурсу, будзе праходзіць у снежні: дзятлаўчане паспаборнічаюць з прадстаўнікамі Навагрудскага, Карэліцкага, Слонімскага раёнаў. Праекты-пераможцы занальнага этапу прымуць удзел у абласным, які плануецца правесці ў студзені 2023 года.

Факт удзелу ў праекце пацвярджае, што ўдзельнікі выказваюць сваю безумоўную згоду з выкарыстаннем іх імёнаў, прозвішчаў, фотаздымкаў, звязаных з удзелам у праекце, а таксама інтэрв’ю, іншых матэрыялаў арганізатарамі праекта ў рэкламных і іншых мэтах на працягу неабмежаванага часу і без выплаты якіх-небудзь узнагарод.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga