Няхай жаданні збываюцца!

Важнае Грамадства

Напярэдадні Дня інвалідаў у Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна прайшла сустрэча моцных духам людзей.

Яна сабрала ўдзельнікаў аматарскага аб’яднання “Крыніца натхнення”, што працуе пры сектары нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і створана з ліку наведвальнікаў аддзялення “Праменьчык”, а таксама выхаванцаў Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, удзельнікаў раённых аб’яднанняў ГА “БелТІЗ і ГА “БелТІ”.

У ролі вядучай выступіла загадчыца сектара Ганна Харлінская. Яна заклікала прысутных і надалей заставацца моцнымі духам, дружнымі, вясёлымі, не скарацца жыццёвым выпрабаванням, а часцей усміхацца і знаходзіць моманты для радасці ў паўсядзённым жыцці.

Прысутных павітала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Васкель:

– Гэта асаблівая дата асаблівых людзей і сёлета яна юбілейная: спаўняецца 30 гадоў, як у свеце адзначаецца Дзень інвалідаў. Я заўсёды называла вас людзьмі з бязмежнымі магчымасцямі, бо ў імкненнях да поспехаў вы дабіваецеся высокіх мэтаў, вы таленавітыя, артыстычныя, дружныя. Кожны дзень, калі вы заходзіце ў наш цэнтр, то дорыце ўсім свае светлыя, шчырыя ўсмешкі. Жадаю вам здароўя, мірнага неба, радасці, поспехаў, любіце адзін аднаго і падтрымлівайце.

Дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык таксама адрасавала ўдзельнікам сустрэчы цёплыя словы:

– Гэта дата не святочная, аднак вы заўсёды ўмееце шчыра весяліцца і радавацца жыццю. Так і павінна быць. Прадаўжайце дарыць добры настрой людзям сваімі адносінамі да іх і цёплымі ўсмешкамі. Словы падзякі і падтрымкі Таццяна Сямёнаўна адрасавала бацькам, якія на працягу жыцця стойка ідуць поруч са сваімі асаблівымі дзецьмі, падзякавала спецыялістам “Праменьчыка” і ЦКРНіР, якія перажываюць за выхаванцаў, як за блізкіх, работнікам культуры, якія дораць аддзяленню бадзёрасць і добры настрой. Яна выказала спадзяванне, што і надалей іх супрацоўніцтва застанецца плённым, будзе шмат сумесных мерапрыемстваў, творчых планаў, вандровак.

Загадчыца аддзялення “Праменьчык” Алена Калюцік таксама пажадала ўдзельнікам сустрэчы моцнага здароўя, радавацца жыццю, нягледзячы на ўсе перашкоды, сямейнага дабрабыту і падтрымкі блізкіх.

Каб збыліся ўсе выказаныя пажаданні і запаветныя мары, Ганна Харлінская прапанавала прысутным выканаць заданні чароўнай кветкі – цвеціка-сяміцвеціка. Удзел у гульні падарыў шмат пазітыву і станоўчых эмоцый. Не абышлося і без музычных падарункаў ад групы “Бархат”, Тамары Ступак, Ганны Харлінскай і саміх гаспадароў пляцоўкі – танцавальнай групы “Выпадковае знаёмства” і “Веркі Сярдзючкі” ў выкананні Аляксандра Калодкі.

 

Смачныя падарункі – харчовыя наборы малочных прадуктаў – да Дня інвалідаў наведвальнікам “Праменьчыка” прадаставілі іх пастаянныя спонсары – Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир” і яго дырэктар Андрэй Жыдко.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga