А як у жыцці?

Грамадства Свежыя навіны

Прыгледзьцеся: некаторыя сучасныя “пеці зубавы”, нават вырастаючы, прадаўжаюць дарэмна траціць не толькі свой, але і чужы час.

Сярод нас такія людзі, на жаль, таксама ёсць.

Колькі раз на пасяджэннях службаў прафілактыкі раёна даводзілася чуць класічную фразу: “Ён ці яна даўно не працуюць, у службе занятасці былі, накіраванне на работу атрымалі, а да наймальніка так і не дайшлі. Прайшоў ужо месяц, не дзіўна, што вакансію заняў другі чалавек”.

У дэталях падобныя сітуацыі пракаменціравала намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Баравік:

– Сапраўды, для службы занятасці такая праблема існуе. Вакансіі ў раёне ёсць заўсёды. І калі ў аддзел па працы і занятасці звяртаюцца грамадзяне, мы запрашаем іх за столік, дзе ажыццяўляецца прыём заяўнікаў і можна азнаёміцца са спісам актуальных вакансій Дзятлаўшчыны. Абавязкова тлумачым, на якім сайце ў інтэрнэт-прасторы можна зрабіць тое ж самае, але ў маштабах цэлай краіны. Раённыя прапановы можна разгледзець яшчэ і на афіцыйным сайце райвыканкама.

Разам з тым мы абавязкова выслухаем, якую работу хоча знайсці заяўнік, падбіраем для яго пажаданыя варыянты. Калі чалавек прыходзіць з неабходнымі дакументамі, рэгіструем яго ў якасці беспрацоўнага, калі не – у якасці таго, хто звярнуўся ў службу. Найчасцей накіраванне на работу выдаём ужо ў дзень звароту. На жаль, некаторыя незанятыя грамадзяне да наймальніка так і не даходзяць, праігнараваўшы намаганні спецыялістаў аддзела занятасці і патрачаны на іх час. Пэўная катэгорыя асобаў, такіх як тыя, хто вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі або з лячэбна-працоўнага прафілакторыя, увогуле могуць схлусіць праваахоўнікам, што ніякага садзейнічання ў працаўладкаванні ім не аказвалася.

Паўтаруся, што накіраванні мы найчасцей выдаём адразу ў дзень звароту. Пэўныя цяжкасці могуць узнікнуць, калі ў саіскальніка ёсць супрацьпаказанні па стане здароўя, тады пошук можа заняць пэўны час. Разглядаючы пажаданыя для заяўніка вакансіі, мы высвятляем у наймальнікаў патрабаванні па прафесійнай шкодзе, каб чалавек дарэмна не хадзіў па інстанцыях. Калі знаходзім тое, што падыходзіць, выдаём накіраванне. І такія людзі звычайна заўсёды выкарыстоўваюць свой шанц на працаўладкаванне.

Пасля падрабязных тлумачэнняў спецыяліста становіцца зразумела, што “корань” разгледжанай праблемы – гэта нежаданне саміх людзей быць занятымі ў эканоміцы. Так і хочацца ім сказаць:

– Не расказвай “казкі”, а дзейнічай!

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga