Мір на Зямлі пачынаецца з чалавечага сэрца

Грамадства Свежыя навіны

У шосты школьны дзень у Дзятлаўскім раённым цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў чарговы раз працавала анлайн-студыя “Кадр” і яе вядучая – педагог-арганізатар установы Ірына Мішчанка.

На гэты раз навучэнцам раёна Ірына Анатольеўна прапанавала прыняць удзел у анлайн-таймеры з назвай, якая сама па сабе заклікала да роздуму, – “Я в мире – мир во мне” па прафілактыцы экстрэмізму і тэрарызму.

– Сёння мы з вамі паразмаўляем аб сапраўдных каштоўнасцях у жыцці чалавека, паразважаем, чаму тэрарыстычная дзейнасць – гэта тое, чаго не павінна быць у цывілізаваным грамадстве, пастараемся актуалізаваць свае ўнутраныя рэсурсы для паспяховай самарэалізацыі ў жыцці, паспрабуем выпрацаваць у сабе якасці, якія спатрэбяцца ў экстрэмальных сітуацыях, – звярнулася да ўдзельнікаў анлайн-сустрэчы вядучая.

Хлопчыкам і дзяўчынкам яна прапанавала ўключыцца ў даверлівую размову, правілы якой яны папярэдне прынялі, а таксама паўдзельнічаць у некалькіх карысных трэнінгах. Дзеці глыбей пазнаёміліся з паняццямі “экстрэмізм” і “тэрарызм”, паразважалі аб прычынах іх узнікнення. Наступны блок ведаў тычыўся асноўных палажэнняў беларускага заканадаўства ў гэтай сферы, бо законы сваёй краіны неабходна ведаць, як дарослым, так і юным грамадзянам. Ролевая гульня-трэнінг “Беларускі экспрэс” дапамагала даведацца, як мы ў жыцці ацэньваем незнаёмых людзей, на якія катэгорыі іх прывыклі дзяліць. Практычнае заданне экстрэмізм/талерантнасць спрыяла фарміраванню правільных адносінаў да з’яваў рэчаіснасці і аб’ектыўнай іх ацэнцы, а конкурс “Ключавое слова” дапамог задумацца над сапраўднымі і нязменнымі каштоўнасцямі чалавечага жыцця, адстойванне якіх дапамагае захаваць мір і гуманныя адносіны ў грамадстве.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены Ірынай МІШЧАНКА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga