Маршрут пракладзены ў глыбінку

Важнае Культура і адпачынак

Так ужо склалася, што жыхары беларускай глыбінкі ў большасці сваёй людзі шаноўнага ўзросту, не выключэнне ў гэтым плане і Дзятлаўшчына.

У аддаленых вёсках нашага раёна, дзе часам не заўсёды набярэцца і з дзясятак жыхароў, свой век каратаюць пенсіянеры, якія большую палову жыцця самааддана працавалі на гаспадарчых палетках і ў арганізацыях, унеслі значны ўклад у пасляваеннае станаўленне і далейшае развіццё народнай гаспадаркі, былі той рухальнай сілай, за кошт якой Дзятлаўшчына прыгажэла і развівалася, станавілася ўсё больш прывабнай і камфортнай для наступных пакаленняў. Таму шанаваць і паважаць старажылаў, клапаціцца пра іх, дарыць хвіліны радасці і шчырую ўвагу – наш святы абавязак.

На гэта і скіравана работа сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і яго сацыяльна значны праект “Глыбінкай жыве Беларусь”, які рэалізоўваецца ўжо на працягу некалькіх гадоў.

У творчым “арсенале” артыстаў – розныя формы і фарматы работы ў глыбінцы, аднак іх аб’ядноўвае галоўнае – выезд да адрасатаў, нездарма і назвы ў мерапрыемстваў адпаведныя: “Бяспека ў кожны дом”, “З песняй у кожны дом”, “Здароўе ў кожны дом” і іншыя. Калектыў жа сектара паўжартам ці паўусур’ёз называе сябе “клубам на калёсах”, які цесна сябруе і ўзаемадзейнічае з рознымі службамі раёна. Найперш, вядома ж з сельвыканкамамі, старшыні і спецыялісты якіх падказваюць артыстам, дзе жывуць лепшыя старасты вёсак, у каго жыццёвы ці сямейны юбілей, хто майстар на ўсе рукі, нярэдка і самі далучаюцца да выездаў у глыбінку. Такое плённае супрацоўніцтва дазваляе максімальна разнастаіць і зрабіць карыснымі сустрэчы з вяскоўцамі. Разам са спецыялістам бібліобуса работнікі культуры прывозяць у аддаленыя вёскі кнігі, святочныя песні і забавы, з работнікамі цэнтра гігіены і эпідэміялогіі – у цікавай форме агітуюць за здаровы лад жыцця, а яшчэ ў час такіх візітаў работнікі ФАПаў могуць вымераць вяскоўцам ціск, даць карысныя парады наконт харчавання і прафілактыкі захворванняў. А калі да каманды сектара далучаецца супрацоўнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, з пажылымі землякамі абавязкова пагутараць аб тым, як засцерагчыся ад пажару і іншых свавольстваў стыхіі, зрабіць сваё жыццё больш бяспечным. Выезд з аўталаўкай дазваляе вяскоўцам не толькі зрабіць неабходныя пакупкі, але і пачуць вясёлыя песні.

Працоўны каляндар “клуба на калёсах” складаюць розныя даты і нагоды: асабістыя і сямейныя юбілеі землякоў, на якія юбіляры абавязкова атрымліваюць самыя шчырыя пажаданні і “жывую музычную паштоўку”, дзеляцца сваімі сакрэтамі даўгалецця і сямейнага ладу. Да рэйдаў-віншаванняў часта далучаюцца прадстаўнікі раённага савета ветэранаў з прыемнымі падарункамі і пажаданнямі для адрасатаў. Сустрэчы з паважанымі на сяле людзьмі, старастамі вёсак дапамагаюць праз лёс чалавека даведацца пра адметнасці і гісторыю канкрэтных населеных пунктаў, пачуць пажаданні і турботы мясцовых жыхароў. Рэйды-віншаванні з каляндарнымі святамі, абавязковымі атрыбутамі якіх з’яўляюцца вясёлыя песні пад баян ці акардэон, прыносяць святочны настрой у аддаленыя вёскі, дораць людзям шаноўнага веку добрыя ўспаміны і зарад бадзёрасці. А вось экспедыцыі ў рамках праекта “Роднае-народнае”, рэалізацыя якога пачалася ў Год гістарычнай памяці, дапамагаюць пазнаёміць жыхароў Дзятлаўшчыны з народнымі рамёствамі і промысламі, абрадамі, святочнымі традыцыямі, работамі і тэхнікамі народных майстроў з глыбінкі. Спецыялісты сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва ўпэўнены, што свет вакол нас – гэта адлюстраванне душы народнай, а прыказкі, прымаўкі, прыкметы, узоры ткацтва і вышыўкі – залацінкі мудрасці нашых продкаў і сімвалы ўспрымання Сусвету, якія трэба захоўваць, ведаць, разумець, перадаваць моладзі, каб не перарвалася повязь пакаленняў і мы, беларусы, не страцілі нашай аўтэнтычнасці.

Для “клуба на калёсах” яго рэйды ў глыбінку – гэта не проста работа з насельніцтвам і гледачом, а яшчэ і магчымасць зберагчы і памножыць культурную спадчыну раёна, адкрыць новыя імёны, пачуць асабістыя гісторыі землякоў, назапасіць шмат цікавых ідэй для далейшай творчасці.

А для вяскоўцаў з глыбінкі прыезды артыстаў як глыток свежага паветра сярод аднастайных і звыклых будняў, гэта светлыя эмоцыі, радасць чалавечых стасункаў, магчымасць пагутарыць, выказацца, часам расказаць аб набалелым, ну і, вядома ж, пачуць добрыя песні, праз іх са слязамі на вачах узгадаць лепшыя моманты жыцця: дзяцінства, маладосць, вяселлі, нараджэнне дзетак, ранейшыя вясковыя святы, а значыць, і добрых сяброў, родных, суседзяў, усіх, хто ішоў поруч па жыцці. Сустрэчаў з артыстамі сектара людзі вельмі чакаюць, з натхненнем расказваюць пра іх сваім родным, задаволены і тым, што артыкулы пра выезды ў глыбінку можна прачытаць у раённай газеце, а фотарэпартажы знайсці на сайце. Гэта дапамагае даволі шырокаму колу родных і знаёмых адрасатаў далучыцца да прыемнай святочнай падзеі, яшчэ раз перажыць яе, адчуць непаўторную атмасферу і каларыт родных мясцін.

Вось так, дзякуючы невялікаму калектыву сектара, які складаецца ўсяго з трох чалавек, – загадчыцы Ганны Харлінскай, культарганізатара Ірыны Бакшук, гукааператара Марыны Варган, якіх падчас падтрымліваюць “жывым музычным суправаджэннем” іх калегі-баяністы Іван Кашко, Чэслаў Свіб, Таццяна Шостка, свята завітвае ў хаты жыхароў самых аддаленых і маланаселеных вёсак Дзятлаўшчыны, прыходзіць і да землякоў з вялікіх вёсак, дзе адсутнічаюць свае стацыянарныя клубы.

Мудрыя людзі кажуць, што наша жыццё павінна быць з хлебам і песняй. Хлеб нам дае надзённая шчырая праца, а песня абавязкова павінна гучаць для душы. “Клуб на калёсах” – гэта вельмі зручная і функцыянальная форма работы – ад шырокага супрацоўніцтва са спецыялістамі адказных службаў раёна да ўзаемадзеяння з людзьмі, якія нават у глыбінцы не павінны быць забытымі і пакінутымі без увагі.

Калі маршрут сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва пракладзены ў ваш населены пункт, да вас абавязкова завітаюць цёплае, светлае, бадзёрае свята, добры настрой, цікавыя навіны і нераўнадушныя людзі. Сустракайце!

Ірына СТЫРНІК      

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga