Крымінальная хроніка. Здарэнні мінулага тыдня

Важнае Здарэнні і бяспека

З 21 па 27 лістапада 2022 года ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 78 паведамленняў, 1 з якіх утрымлівала звесткі аб прыкметах учыненага злачынства, 32 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 45 – аб іншых здарэннях.

Да адміністрацыйнай адказнасці быў прыцягнуты 31 правапарушальнік, узбуджана 3 крымінальныя справы.

Канфлікт прывёў да забойства

Крымінальная справа за забойства ўзбуджана на раней судзімага жыхара аднаго з аграгарадкоў нашага раёна. Трагедыя разыгралася ў кватэры мужчыны ў адзін з лістападаўскіх вечароў. Разам з земляком ён распіваў спіртныя напоі, у нейкі момант паміж ім і госцем узнік канфлікт, у час якога гаспадар схапіўся за нож і нанёс сваёй ахвяры два ўдары, якія прывялі да гібелі.

Рахунак у мінусе

Чарговая наша зямлячка стала ахвярай інтэрнэт-злодзея. Невядомы злачынца з дапамогай камп’ютарнай тэхнікі скраў з банкаўскага карт-рахунка жанчыны 350 рублёў. Узбуджана крымінальная справа.

Банк так не звяртаецца

У час перапіскі ў месенджары “Viber” з незнаёмым махляром 6 тысяч рублёў пазбавілася жыхарка аднаго з аграгарадкоў нашага раёна. Зламыснік напісаў пацярпелай, што, калі яна не прыме экстранныя меры, з яе карт-рахунка будуць скрадзены грашовыя сродкі. Аднак менавіта ў час перапіскі і выканання “заданняў” махляра жанчына засталася без важкай сумы грошай. Па факце махлярства ўзбуджана крымінальная справа.

Міліцыя нагадвае грамадзянам, што для ажыццяўлення законных банкаўскіх аперацый неабходна асабістая прысутнасць у банку, а па тэлефоне і ў месенджарах называць свае асабістыя даныя і нумары картак трэцім асобам нельга.

Ігар ХІТРО,
намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga