Крымінальная хроніка. Здарэнні мінулага тыдня

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

З 31 кастрычніка па 6 лістапада 2022 года ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 62 паведамленні, 1 з якіх утрымлівала звесткі аб прыкметах учыненага злачынства, 22 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 39 – аб іншых здарэннях.

Да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты 30 правапарушальнікаў, узбуджана 5 крымінальных спраў.

Чаму пусцеюць карт-рахункі?

Ад супрацьзаконных дзеянняў невядомага камп’ютарнага злодзея зноў пацярпеў адзін з нашых землякоў. На гэты раз ахвярай інтэрнэт-махляра стаў малады чалавек, 1999 года нараджэння, у якога з карт-рахунка былі скрадзены 1710 рублёў.

У другім выпадку крадзеж грашовых сродкаў учыніла пенсіянерка нашага раёна. Яна загадзя прыбрала да рук чужую картку, каб пасля разлічвацца ёю ў гандлёвых аб’ектах. Перш чым трапіць у поле зроку праваахоўнікаў, жанчына паспела патраціць чужыя 115 рублёў.

Добраахвотна перавяла невядомаму махляру 330 рублёў жыхарка райцэнтра. Жанчына думала, што тым самым адгукваецца на просьбу аб дапамозе свайго сябра па сацыяльнай сетцы “ВКонтакте”. Пазней аказалася, што яго старонка была ўзламана і грошы атрымаў неўстаноўлены адрасат, які супрацьзаконным шляхам папоўніў свой бюджэт за кошт чужога даверу.

Па ўсіх фактах узбуджаны крымінальныя справы.

Зніклі плуг і металічная стойка

Міліцыя адшуквае неўстаноўленага злодзея, які на мінулым тыдні пагаспадарыў на падворку аднаго з нежылых дамоў вёскі Гірычы, які выкарыстоўваецца ў якасці дачы. Пасля наведвання нязванага госця з участка зніклі плуг і металічная стойка агульным коштам 500 рублёў, узбуджана крымінальная справа.

Міліцыя заклікае жыхароў раёна, якім вядома пра абставіны гэтага злачынства, паведаміць на нумар 102 або ўчастковаму інспектару.

Аварыя з-за дзікіх жывёл

Днямі ў дарожнай аварыі пацярпеў наш зямляк, які на аўтамабілі “Лада” надвячоркам рухаўся па дарозе паўз лесу. Нечакана перад машынай узніклі постаці дзікіх жывёл. Каб не ўчыніць на іх наезду, вадзіцель павярнуў на левую ўзбочыну, дзе машына ўрэзалася ў дрэва. З траўмай нагі мужчына дастаўлены ў раённую бальніцу.

Сельгаспрадпрыемствам – кантроль

Па-ранейшаму пільная ўвага надаецца захаванню працоўнай дысцыпліны работнікамі сельгаспрадпрыемстваў раёна. На мінулым тыдні выяўлены два правапарушэнні ў гэтай галіне. У стане алкагольнага ап’янення на рабочым месцы знаходзіўся жывёлавод адной з гаспадарак, на якога быў складзены адміністрацыйны пратакол.

Жывёлавод іншага сельгаспрадпрыемства спрабавала вынесці з малочнатаварнай фермы малако, але была затрымана праваахоўнікамі.

Ігар ХІТРО,
намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga