Крымінальная хроніка. Здарэнні мінулага тыдня

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

З 24 па 30 кастрычніка 2022 года ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 56 паведамленняў, 2 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненага злачынства, 21 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 33 – аб іншых здарэннях.

Да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты 30 правапарушальнікаў, узбуджана 3 крымінальныя справы.

Скарыстаўся чужым ключом

Раней не судзімы беспрацоўны жыхар адной з вёсак раёна заўважыў, куды яго зямлячка “ва ўмоўнае месца” кладзе ключ ад уваходных дзвярэй дома. Скарыстаўшыся адсутнасцю гаспадыні, мужчына пабываў у яе “ў гасцях”, адшукаў і забраў з сабой грошы і цыгарэты на агульную суму 75 рублёў. Узбуджана крымінальная справа.

На дачы кансервы смачныя

Жыхар Лідскага раёна ў кастрычніку пабываў на падворку чужога дачнага дома адной з вёсак Дзятлаўшчыны. Хоць сам ён не саджаў і не даглядаў агарод, але дачны сезон завершыў, забраўшы кансерваваныя прадукты харчавання на суму 50 рублёў. У дом пралез, пашкодзіўшы акно. За супрацьпраўны ўчынак аматар чужых кансерваў адкажа перад судом.

Аказаліся ў кювеце 

Восеньская дарога, асабліва ў цёмны час сутак, патрабуе максімум увагі і асцярожнасці. Так, у прыцемках з упраўленнем машынай таксі не справіўся жыхар горада Дзятлава, у выніку аўтамабіль аказаўся ў кювеце. Таксіст і яго пасажыр, 2001 года нараджэння, з траўмамі рознай складанасці шпіталізаваны ў бальніцу. Высвятляюцца абставіны здарэння.

Зарабіў на пратакол

Працоўная дысцыпліна па-ранейшаму знаходзіцца на пільным кантролі. Нецвярозым на рабочым месцы на мінулым тыдні затрыманы жывёлавод адной з гаспадарак раёна. За свае паводзіны мужчына “зарабіў” адміністрацыйны пратакол.

Дзяніс АЎРАМЕНКАЎ,
першы намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Фота з адкрытых крыніц

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga