Дзелавы панядзелак. Каб не заставаліся сам-насам з праблемамі

Важнае Улада

Вакцынацыя супраць грыпу і кавіду, завяршэнне сельскагаспадарчых работ, клопат пра пажылых дзятлаўчан, акцыі ратаўнікоў і прафілактыка ад міліцыі, абласныя перамогі нашых школьнікаў – гэтыя і іншыя тэмы абмеркавалі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Больш кантролю жывёлагадоўлі

Заўвагі ад старшыні райвыканкама па вядзенні гаспадарчых работ прагучалі на нарадзе на адрас гаспадарак “Хвінявічы”, “Дварэц-Агра”, “Войневічы”. Асабліва Андрэй Уладзіміравіч акцэнтаваў увагу першага намесніка – начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталія Шулейкі на зніжэнні вытворчасці малака ў гаспадарках у параўнанні з мінулагоднімі паказчыкамі.

– Прымушайце працаваць упраўленне, разбярыцеся з прычынамі зніжэння надояў, чаму гаспадаркі здаюць пазіцыі, – звярнуўся кіраўнік раёна да свайго першага намесніка.

Таксама гучалі тэмы пастаноўкі сельскагаспадарчай тэхнікі на зімовае захоўванне, завяршэння ўборкі цукровых буракоў, зябліва. Кукуруза на сілас у раёне ўбрана, засталося за некалькі дзён закончыць уборку на зерне. КСУП “Жукоўшчына” на бягучым тыдні высадзіць новы сад – саджанцы яблыняў ужо закуплены і падрыхтаваны да пасадкі.

Ніхто не пакінуты без нагляду

Штотыднёва ў раёне працуюць аглядавыя камісіі, у састаў якіх, акрамя прадстаўнікоў улады, уваходзяць спецыялісты службаў прафілактыкі – ратаўнікі, праваахоўнікі, медыкі, педагогі, работнікі энерганагляду і газавай службы, сацыяльныя работнікі. Як патлумачыў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч, іх галоўная задача напярэдадні зімы – праверыць і ацаніць умовы пражывання насельніцтва, звяртаючы найбольш пільную ўвагу на неабароненыя катэгорыі грамадзян, у тым ліку адзінокіх пажылых людзей, а іх на Дзятлаўшчыне 4948, інвалідаў і пажылых, якія жывуць адзінока. Да пачатку ацяпляльнага сезона былі вырашаны ўсе пытанні па размяшчэнні на зімовы перыяд такіх грамадзян у сацыяльныя структуры – запоўнены на 100 працэнтаў, у замяшчаючыя сем’і, а таксама ў сваякоў.

19 чалавек ужо паехалі да дзяцей, яшчэ 23 у хуткім часе таксама накіруюцца да родных.

Прыярытэты прапагандысцкай дзейнасці

Паводле статыстыкі, 7 з 10 пажараў у жылым фондзе адбываюцца па віне неасцярожных курцоў. Для прыцягнення ўвагі да праблемы пажараў па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні з 8 па 18 лістапада ратаўнікі правядуць акцыю “Не прапальвай сваё жыццё”, якая, па словах начальніка Дзятлаўскага РАНС Сяргея Казушчыка, пройдзе ў два этапы з выступленнем ратаўнікоў у калектывах арганізацый і прадпрыемстваў, наведваннем найбольш ажыўленых месцаў населеных пунктаў раёна, каб расказаць пра бяспеку як мага большай колькасці людзей. У Дварцы пройдзе пашыраны сельскі сход.

Па лініі аддзела ўнутраных спраў “жывая” работа з насельніцтвам сёння вядзецца ў рэчышчы растлумачэння найбольш частых відаў падманаў, асабліва пажылых грамадзян.

Таксама начальнік аддзела Аляксандр Біль нагадаў у час нарады, што пільнасць вадзіцеляў у няпросты перыяд скарочанага светлавога дня, восеньскіх густых туманаў павінна быць “зліта” з уважлівасцю. Пешаходам варта ўспомніць і абавязкова абазначаць сябе святлоадлюстроўваючымі элементамі.

Іншыя тэмы коратка

Завяршыўся XIV абласны конкурс (канферэнцыя) даследчых работ навучэнцаў “Крыштальная Альфа — 2022”, які праходзіў на базе Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.

Юныя дзятлаўчане заваявалі 5 прызавых месцаў – падрабязней чытайце ў наступных нумарах газеты.

****

Вакцынацыя супраць грыпу і каранавірусу ў раёне працягваецца. Важна памятаць, што пры адначасовым захворванні гэтымі інфекцыямі смяротнасць павялічваецца ў 17 разоў.

****

Спецыяльная камісія абследавала вадаёмы-копанкі на тэрыторыях прыватных домаўладанняў грамадзян. Усяго ў раёне іх 81, усе абгароджаны з мэтай арганізацыі бяспечнага адпачынку, не перашкаджаюць праходу або праезду.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: