Чалавек славіцца працай

Важнае Грамадства

Яшчэ адзін працаўнік на Дзятлаўшчыне быў удастоены высокай дзяржаўнай узнагароды.

Медаль “За працоўныя заслугі” машыністу экскаватара Аляксандру Панасенкаву ў родным калектыве Дзятлаўскага ПМС уручыў намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік. З прыемнай місіяй ён наведаў урачысты сход прадпрыемства.

– Вельмі адметна, што працаўнікі нашага раёна праяўляюць сябе ў розных сферах народнай гаспадаркі, дасягаючы высокіх вынікаў. Лепшыя з лепшых уганароўваюцца ўзнагародамі рэспубліканскай вартасці, – адзначыў Дзмітрый Расціслававіч. – Медаль “За працоўныя заслугі” – высокая ацэнка на дзяржаўным узроўні вашай шматгадовай сумленнай працы дзеля роднага прадпрыемства і нашай Беларусі, а таксама – зладжанай работы калектыву меліяратараў. Ад кіраўніцтва раёна выказваю вам словы шчырай удзячнасці за працу і пажаданні далейшых вытворчых поспехаў, новых дасягненняў.

Аляксандр Панасенкаў прысвяціў рабоце ў Дзятлаўскім ПМС 33 гады. Пачынаў памочнікам машыніста экскаватара, а з 1994 года сам кіруе гэтай сур’ёзнай тэхнікай. За дзясяткі гадоў працы Аляксандр Віктаравіч быў заняты на самых адказных участках меліярацыйных і будаўнічых работ па ўсёй Беларусі, добрасумленна выконваючы заданне кіраўніцтва.

Медаль “За працоўныя заслугі” зацверджаны ў Беларусі 13 красавіка 1995 года. Ён прысуджаецца за значныя дасягненні ў працы. Работнікі прадпрыемства меліярацыйных сістэм не ўпершыню адзначаюцца гэтай узнагародай.

Наталля АВЯРЧУК
Фота прадастаўлена Дзятлаўскім ПМС