Аляксандр Скварчынскі: “Дапамагаюць вопыт і інтуіцыя”

Грамадства Свежыя навіны

17 лістапада – Дзень участковых інспектараў міліцыі, праваахоўнікаў, службовыя будні якіх цесна звязаны з падтрыманнем правапарадку і вырашэннем самых розных праблем жыхароў замацаванага за ім адміністрацыйнага ўчастка.

12 гадоў службе на тэрыторыі Данілавіцкага сельсавета аддаў старшы ўчастковы інспектар міліцыі Аляксандр Скварчынскі, у полі адказнасці якога знаходзіцца 39 населеных пунктаў, а таксама санаторыі “Радон” і “Альфа Радон”. Свой участак Аляксандр Іванавіч лічыць адносна спакойным, добра ведае мясцовых жыхароў, аграгарадкі і вёскі, бо нават у тыя з іх, дзе засталося пару жыхароў, стараецца наведвацца не радзей чым раз на месяц.

– Галоўнае ў нашай рабоце – гэта прафілактыка. Спрацуеш паспяхова – не дапусціш бяды, тады не давядзецца ў далейшым раскрываць правапарушэнне, – упэўнены Аляксандр Скварчынскі.

Шмат задач і абавязкаў ускладзена на ўчастковага інспектара міліцыі, і, лічы, галоўная з іх – наладзіць кантакт з насельніцтвам, заслужыць давер у вяскоўцаў. Жыхары сельскай мясцовасці заўсёды былі памяркоўнымі людзьмі, яны не адразу выказваюць старонняму тое, што набалела. Менавіта сваімі адносінамі ўчастковы інспектар павінен паказаць, што яму можна даверыцца, што ён умее выслухаць, зразумець, прыняць законнае і ў той жа час справядлівае рашэнне. Таму “сельскі шэрыф” заўсёды павінен быць яшчэ і псіхолагам – адшукаць свой падыход да любога чалавека. А вось адметныя рысы вяскоўцаў, якія іграюць сваю пазітыўную ролю ў прафілактычнай рабоце, – гэта жыць талакой, ведаць турботы адзін аднаго і па-суседску не заставацца раўнадушнымі. Спрыяе поспеху ў рабоце Аляксандра Скварчынскага і яго плённае супрацоўніцтва з адміністрацыяй мясцовага сельвыканкама і кіраўніцтвам ААТ “Граніт-Агра”.

– Аляксандр Іванавіч заўсёды прыслухоўваецца да майго меркавання, хутка рэагуе на пытанні, якія патрабуюць яго ўдзелу, – характарызуе ўчастковага інспектара міліцыі старшыня Данілавіцкага сельвыканкама Ганна Жых. – Працаваць з ім камфортна, і я рада, што ў нас ёсць свой ахоўнік правапарадку. Калі што, ён заўсёды на тэлефоне, цікавіцца жыццём сельсавета. Безумоўна, сваіх цяжкасцяў і складанасцяў тут хапае: вялікая тэрыторыя, ёсць жыхары, якія злоўжываюць алкаголем, раней судзімыя, сямейныя скандалісты. Тым не менш многія пытанні Аляксандр Іванавіч паспяхова вырашае сам, па некаторых мы цесна супрацоўнічаем. Я разумею, што работа ў яго складаная і адказная, службовых абавязкаў вельмі шмат, але галоўнае, што паміж намі ёсць узаемаразуменне.

На пытанне, якія якасці характару дапамагаюць спраўляцца з такім няпростым “фронтам работ”, Аляксандр Скварчынскі зазначае, што, па-першае, гэта вопыт, бо яго службовы стаж складае 20 гадоў, і развітая інтуіцыя, па-другое, уважлівасць і лагічны склад розуму.

Свой жыццёвы выбар на карысць работы ў міліцыі Аляксандр Іванавіч зрабіў пасля арміі, дзе службу праходзіў ва ўнутраных войсках міліцыі, затым у паставой службе. Калі вярнуўся, пайшоў у праваахоўнікі і ўслед за старэйшым братам паступіў у Акадэмію міліцыі, праўда, на завочнае аддзяленне. За два дзесяцігоддзі паспрабаваў сябе на розных участках работы: пачынаў малодшым участковым інспектарам міліцыі ў гарпасёлку Наваельня, затым быў вадзіцелем групы тылавога забеспячэння АУС Слонімскага райвыканкама, памочнікам дзяжурнага аператыўна-дзяжурнай службы АУС Дзятлаўскага райвыканкама, а з 2010 года працуе на Данілавіцкім адміністрацыйным участку. Галоўным сваім міліцэйскім настаўнікам Аляксандр Іванавіч лічыць Ігара Савасцюка – былога калегу па працы, які дапамагаў яму на старце працоўнай кар’еры і змог прывіць цікавасць да службы ўчастковых інспектараў міліцыі.

Жыхарам свайго адміністрацыйнага ўчастка Аляксандр Скварчынскі жадае дабрабыту і душэўнага спакою, а яшчэ – не парушаць закон, які абараняе нашы агульныя правы і інтарэсы.

Ірына СТЫРНІК     

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga