Алена Кашкала: “Жыццё не без божай дапамогі”

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Халодным лістападаўскім днём над вёскай Кашкалы плылі вясёлыя гукі баяна.

Песні і цёплыя віншаванні гучалі для мясцовай юбіляркі Алены Кашкала, якая святкавала свой 80-ы дзень нараджэння.

З жывой музычнай паштоўкай у рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” да імянінніцы завіталі спецыялісты сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Пад хіты мінулых гадоў Ганна Харлінская, Марына Варган, Іван Кашко жадалі Алене Адамаўне здаровага даўгалецця, шчасця і дабра, сямейнага ладу, добрых вестак у хату, пяшчоты і клопату родных і блізкіх. Не абышоў увагай юбілярку раённы савет ветэранаў, памятны падарунак ад якога з добрымі пажаданнямі яшчэ многіх светлых дзён жыцця ўручыла сакратар арганізацыі Ядвіга Гушча.

Пра тое, што Алена Кашкала – руплівая гаспадыня, можна было здагадацца, нават не заходзячы на падворак: у яе палісадніку перад хатай нават у лістападаўскія халады красавала безліч кветак, крыху кранутых першымі прымаразкамі, але яшчэ яркіх і прыгожых.

– Люблю кветкі і заўсёды пра іх клапачуся, яшчэ шыю, вышываю крыжыкам, раней добра вязала, – пералічыла свае захапленні, якім не здраджвае і ў паважаным узросце, юбілярка.

Сапраўды, хатні інтэр’ер Алены Адамаўны аздабляюць яе рукатворныя работы – рушнікі, абрамленыя карціны-вышыванкі, а некаторыя яркія творы яшчэ чакаюць свайго месца сярод калекцыі.

Цікава было пачуць і пра лёс майстрыкхі, даведацца яе асабістыя сакрэты даўгалецця.

Нарадзілася Алена Кашкала (у дзявоцтве Касіла) у сям’і працавітых сялян Адама і Юзэфы з хутара Беразіна, што знаходзіўся недалёка ад вёсак Яцвезь і Пецюкі. Жылі бацькі ў дастатку, бо старанна працавалі, да чаго прывучалі траіх сваіх дзяцей. Пасля заканчэння васьмі класаў кравецкаму майстэрству Алена пайшла вучыцца да мясцовай швачкі, а затым і сама на заказ шыла і рамантавала людзям адзенне. Для гэтага бацька купіў дачцэ на базары швейную машынку “Зінгер”, якая і цяпер служыць ёй верай і праўдай, хоць сямейнаму “рарытэту”, можа, пад сотню гадоў.

Алена Адамаўна шчыра верыць у Бога і лічыць, што лёсавызначальныя падзеі яе жыцця адбываліся з яго блаславення. Напрыклад, калі неяк у маладосці яна прыйшла да даваюраднай сястры ў Кашкалы, у госці завітала і суседка сваячкі Вікторыя Кашкала. Жанчыне, у якой быў дарослы сын, Алена вельмі спадабалася. Так Алену Адамаўну сасваталі з яе будучым мужам Станіславам Вінцэнтавічам. У 1964 годзе маладая пара згуляла вяселле. Алена Кашкала і сёння ўспамінае той ясны майскі дзень з пышнай квеценню чаромхі, калі яны ўзялі шлюб у касцёле, а роўна праз 50 гадоў, у гэту ж дату, святкуючы залаты юбілей сумеснага жыцця, атрымалі нечаканы божы падарунак. Сядзелі з гасцямі на двары за накрытым сталом, а ў пусты вулей прыляцеў рой пчолаў. Чым не божы цуд?

Са сваёй свекрывёю Алена Адамаўна пражыла душа ў душу 25 гадоў, любіла яе як матулю, бо і ўзамен адчувала такую ж шчырую і цёплую любоў і падтрымку. Сям’я заўсёды шмат працавала, бо трымалі вялікую гаспадарку, але і адпачывалі разам з вяскоўцамі дружна і весела. Алена Адамаўна была паляводам у калгасе, яшчэ ў наваколлі яна слыла як добрая краўчыха і каравайніца: маладыя пары нярэдка прыходзілі заказаць прыгожыя духмяныя караваі на сваё вяселле.

Сумеснае жыццё Алены Адамаўны і Станіслава Вінцэнтавіча набліжаецца да новай важкай даты – брыльянтавага юбілею. Здаецца, амаль шэсць дзесяцігоддзяў, якія яны ідуць поруч, праляцелі непрыкметна, затое годнымі людзьмі выраслі іх двое дзяцей. Сын Вячаслаў жыве ў Пінску, працуе вадзіцелем, дачка Ірына – прадаўцом у Лідзе. Яны падарылі бацькам чацвёра ўнукаў, ёсць ужо і праўнучка Аліса.

Сакрэтамі свайго даўгалецця Алена Кашкала лічыць добрую экалогію і чыстае паветра, бо вёска знаходзіцца ў маляўнічым куточку нашага раёна, сярод сасновых лясоў, а яшчэ – паўсядзённую працу, без якой не сядзіцца юбілярцы і ў шаноўныя 80 гадоў. З мужам яны трымаюць хатнюю птушку, даглядаюць агарод і разводзяць пчолаў.

Маладому пакаленню юбілярка таксама жадае актыўнага даўгалецця, а для гэтага раіць менш сядзець у інтэрнэце, больш працаваць, любіць і шанаваць сваіх бацькоў і родныя мясціны.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga