Тут гісторыя ажывае

Важнае Культура і адпачынак

У жніўні ў адміністрацыйным будынку ДРБУ-119 адкрыўся музей, які адлюстроўвае 65-гадовую гісторыю прадпрыемства.

Цяпер любы жадаючы зможа даведацца аб мінулым і сучасным дарожнай арганізацыі.

На стэндах размешчаны фотаматэрыялы і экспанаты розных гадоў па трох тэматычных групах: гісторыя развіцця прадпрыемства з 1957 года да цяперашняга часу, вытворчая дзейнасць і спартыўныя дасягненні калектыву.

Экспанаты для музея збіралі ўсёй арганізацыяй: некаторыя рэчы ўжо выйшлі з ужытку ў дарожнай справе, былі заменены на больш сучасныя і занялі месца на музейных паліцах, даўнейшыя чарцяжы і дакументы знайшліся ў планава-тэхнічным аддзеле і іншых рабочых кабінетах, а фотаздымкі – у дамашніх архівах. У музеі ў рамцы беражна захоўваецца загад № 1, датаваны 1957 годам, аб утварэнні  Дзятлаўскага дарожна-эксплуатацыйнага ўчастка № 119, з якога пачалася гісторыя арганізацыі. У юбілейнай кнізе, якая таксама стала экспанатам музея, пералічаны імёны выдатных кіраўнікоў ДРБУ-119, якімі ў свой час былі Мікалай Шастапалаў,  Уладзімір Федарук, Іван Латушка, Васіль Кароль, Сяргей Кардаш, Мікалай Лябецкі, Сяргей Жывалеўскі, Юрый Жадовіч, Вольга Башко. Сёння на чале арганізацыі Дзмітрый Мазоль, які разам з калектывам у 120 чалавек піша жывую гісторыю дарожнай галіны.

Дзякуючы шматлікім фотаздымкам, артыкулам перыядычных выданняў можна даведацца аб самім вытворчым працэсе, тэхніцы, якая прымянялася ў розныя гады, этапах будаўніцтва асфальтабетоннага завода ў Наваельні. Госці музея змогуць пазнаёміцца з прадукцыяй, якая выпускаецца на заводзе, дарожным інструментарыем і шматлікімі аб’ектамі, адрамантаванымі за гэтыя гады. Наведвальнікі музея маюць магчымасць патрымаць у руках кавалак дарожнага пакрыцця або рэйку, нівелір, курвіметр, а таксама зрабіць здымак на памяць у спецыяльнай фотазоне.

Асобны блок экспазіцыі прысвечаны спартыўнаму і культурна-масаваму жыццю прадпрыемства, у ім прадстаўлены шматлікія кубкі і граматы, заваяваныя нашымі землякамі на галіновых спаборніцтвах. Дарожнікі і цяпер актыўныя, ініцыятыўныя, лёгкія на пад’ём. Акрамя стварэння экспазіцыі, за гэты год пры падтрымцы галіновага прафсаюза яны паспелі з’ездзіць на экскурсію ў Брэсцкую крэпасць-герой, творча і арыгінальна сустрэць Дзень маці і Дзень бацькі, правесці штогадовы чэмпіянат па спартыўнай рыбалцы ва  ўрочышчы Рыбакі.

Загадчыцай музея гісторыі ДРБУ-119 на добраахвотных пачынаннях з’яўляецца бухгалтар арганізацыі, спецыяліст па ідэалагічнай рабоце Таццяна Пазнякова. Яна абяцае гасцям цікавыя экскурсіі, якія будуць праводзіцца ў дні адчыненых дзвярэй або па папярэднім запісе.

Як адзначыў начальнік ДРБУ-119 Дзмітрый Мазоль, дзверы музея заўжды адкрыты для ўсіх жадаючых даведацца гісторыю развіцця дарожнай галіны Рэспублікі Беларусь. Яго першымі наведвальнікамі сталі вучні школ горада Дзятлава.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga