Стаўка на маладых

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Дзятлаўшчына ­– край таленавітых аграрыяў і выдатных жывёлаводаў.

У іх ліку – работнікі КСУП “Хвінявічы”, якія за дзесяцігоддзі праславіліся сваімі прафесійнымі дасягненнямі, былі адзначаны ўзнагародамі высокай вартасці, назапасілі ўнушальны багаж каштоўнага вопыту ў сельскагаспадарчай галіне. Галоўная задача на сёння – перадаць гэтыя веды маладым і амбіцыёзным, каб узялі ўсё лепшае ад папярэдніх пакаленняў і дапоўнілі ўласнымі прагрэсіўнымі ідэямі.

У КСУП “Хвінявічы” новым работнікам заўжды рады, бо ведаюць напэўна: сельскагаспадарчую прафесію выбіраюць толькі моцныя духам. У 2019 годзе зладжаны калектыў арганізацыі папоўніў ураджэнец Ляхавіцкага раёна Брэстчыны Іван Зубік, які працуе тут загадчыкам рамонтнай майстэрні. Любоў да тэхнікі ў Івана Уладзіміравіча з дзяцінства, ад яго бацькі, прафесійнага вадзіцеля, аўтарытэт якога паўплываў на далейшы жыццёвы выбар. Малады чалавек атрымаў спецыяльнасць тэхніка-механіка ў Жыровіцкім аграрным тэхналагічным каледжы і прыехаў на першае месца работы ў наш раён.

Сустрэлі маладога спецыяліста, як належыць: выплацілі “пад’ёмныя”, прадаставілі жыллё, дапамаглі зрабіць першыя крокі ў прафесіі на пасадзе інжынера па ахове працы. Адсюль Іван Зубік быў прызваны на службу ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь, паўтара года абараняў Айчыну ў войсках супрацьпаветранай абароны. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў КСУП “Хвінявічы”, дзе ўзначаліў рамонтную майстэрню. З новым адказным участкам яму дапамагаў разабрацца старэйшы таварыш, галоўны інжынер прадпрыемства Віктар Ерамейчык, якому Іван Зубік удзячны за практычную навуку і слушныя парады. Галоўны клопат яго падраздзялення ў камандзе з вадзіцелямі і механізатарамі – падтрымліваць спраўнасць сельскагаспадарчай тэхнікі, каб усе работы ў полі праходзілі ў вызначаны тэрмін. Дарэчы, аўтатрактарны парк прадпрыемства даволі ўнушальны: у ім грузавыя і легкавыя аўтамабілі, кормаўборачныя і збожжаўборачныя камбайны, трактары і іншыя агрэгаты. Сёння Іван Уладзіміравіч і сам добра спраўляецца з абавязкамі кіраўніка майстэрні, каардынатара і непасрэдна майстра-рамонтніка. Работа з тэхнікай яму падабаецца, бо кожны дзень прыносіць новыя цікавыя справы. Нездарма начальства высока цэніць спецыяліста, а калегі адзначаюць, што ў мужчыны залатыя рукі, спагадлівае сэрца і валявы характар. Сам жа Іван Зубік не любіць доўга гаварыць пра сябе. Ён проста працуе, прысвячаючы любімай справе ўвесь свой час, павышае кваліфікацыю, набіраецца вопыту, каб аднойчы таксама стаць у сваёй прафесіі лепшым з лепшых.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga