Крымінальная хроніка. Здарэнні мінулага тыдня

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

З 17 па 23 кастрычніка 2022 года ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 61 паведамленне, 2 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненага злачынства, 24 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 35 – аб іншых здарэннях.

Да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты 27 правапарушальнікаў, узбуджана 5 крымінальных спраў.

Не дапамог і замок

Невядомы злодзей наведаўся на адзін з падворкаў у вёсцы Круцілавічы. Сарваўшы навясны замок з гаспадарчай пабудовы, зламыснік скраў адтуль плуг і 30 металічных слупкоў, чым нанёс гаспадару маёмасці матэрыяльную шкоду на 260 рублёў. Узбуджана крымінальная справа.

Ці заўважылі злодзея вяскоўцы?

У кастрычніку неўстаноўлены зламыснік “прагуляўся” па вёсцы Гезгалы. На адным з падворкаў сарваў замок на гаспадарчай пабудове і прысвоіў сабе два веласіпеды, дзіцячы і дарослы “Аист”, а таксама бензатрымер і металічныя драбіны агульным коштам 450 рублёў, яшчэ з аднаго падворка гэтай жа вёскі зніклі жалезная і алюмініевая бочкі коштам 50 рублёў.

Міліцыя просіць жыхароў раёна, якім што-небудзь вядома пра гэтыя злачынствы ці асобаў, якія іх учынілі, паведаміць на нумар 102 або ўчастковаму інспектару міліцыі.

Капаюць не на сваіх сотках

Праваахоўнікі Дзятлаўшчыны прадаўжаюць рэйдавыя мерапрыемствы, скіраваныя на забеспячэнне захаванасці новага ўраджаю і маёмасці сельгаспрадпрыемстваў. Так, на мінулым тыдні былі затрыманы 4 паляводы адной з гаспадарак раёна, якія з бульбянога поля гэтай гаспадаркі выносілі клубні “другога хлеба” сабе ў засекі. Усяго не дапушчана крадзяжу бульбы на суму больш за 42 рублі.

Які з п’янага работнік? 

Працоўная дысцыпліна знаходзіцца на пастаянным кантролі, аднак гэта не перашкаджае некаторым работнікам “расслабіцца” за справай. На мінулым тыдні нецвярозымі на працоўных месцах былі затрыманы падсобны рабочы прадпрыемства і жывёлавод гаспадаркі нашага раёна. На першага парушальніка складзены адміністрацыйны пратакол, другі – папярэджаны аб недапушчэнні падобных паводзінаў у далейшым.

Аляксандр БІЛЬ,
начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Фота з адкрытых крыніц

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga