Гімназісты сталі акцябратамі

Грамадства Свежыя навіны

У рамках рэспубліканскага праекта “Сустрэчы на ўсе 100” і раённай тэматычнай пяцідзёнкі для акцябрацкіх групаў “Акцябрацкі імідж – гэта разам крута!” у гімназіі № 1 горада Дзятлава адбыўся ўрачысты прыём навучэнцаў трэцяга класа ў акцябраты.

Даведацца шмат новага пра дзіцячыя і моладзевыя арганізацыі і прайсці іспыты перад тым, як надзець акцябрацкую зорку, хлопчыкам і дзяўчынкам дапамагалі намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Гродзенскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Аксана Кірэйчук, старшыня раённай піянерскай арганізацыі і гарадскога піянерскага штаба Ірына Мішчанка, дырэктар гімназіі Наталля Клімец, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Алена Абрамчык, ветэран піянерскага і камсамольскага руху раёна Людміла Халопік, намеснік дырэктара раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Іна Дзедава.

Трэцякласнікаў запрасілі ў захапляльны пекідж-тур “Па промнях акцябрацкай зоркі”, у час якога яны даведаліся, што, уступаючы ў акцябраты, адначасова далучаюцца да вялікай дружнай сям’і – піянерыі, а таксама гімназічнай дружыны імя Іосіфа Філідовіча.

Аб традыцыях і гісторыі дзіцячай арганізацыі ўдзельнікам сустрэчы нагадаў відэаролік “Легенда аб акцябронку”. Падарожжа найперш прывяло будучых акцябрат да сузор’я Радзіма, дзе яны ўзгадалі дзяржаўныя сімвалы і славутасці сваёй краіны і як самыя юныя грамадзяне Беларусі далі зарок рабіць добрыя справы на яе карысць. На сузор’і Здароўе ў цікавай форме дзеці пагутарылі, чаму яго неабходна берагчы, правялі фізкультхвілінку. Сузор’е Стараннасць выпрабоўвала юных падарожнікаў галаваломкамі і паказала, наколькі важна быць паспяховымі ў вучобе. Апошняе, але не менш значнае на небасхіле акцябрацкага брацтва сузор’е Сяброўства падказала юным падарожнікам, якімі павінны быць узаемаадносіны паміж людзьмі.

Пасля вандроўкі юныя гімназісты далі ўрачыстае абяцанне акцябрат, пасля чаго настаў памятны момант – госці прымацавалі ім акцябрацкія зорачкі і павіншавалі з уступленнем у дзіцячую арганізацыю. На далейшым шляху новых членаў аб’яднання будзе яшчэ шмат цікавых і карысных спраў. На развітанне ж юныя ўдзельнікі сустрэчы падзякавалі сваім старэйшым сябрам і ўручылі ім памятныя падарункі.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены Ірынай МІШЧАНКА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga