Здарэнні мінулага тыдня

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

З 12 па 18 верасня ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 59 паведамленняў, 3 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненых злачынстваў, 18 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 38 – аб іншых здарэннях.

Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 12 правапарушальнікаў. Узбуджана 8 крымінальных спраў.

Пакупкі за чужы кошт

Беспрацоўны жыхар адной з вёсак раёна, скарыстаўшыся знойдзенай карткай аднавяскоўцы-пенсіянера, паўмесяца разлічваўся ёй за тавары ў розных магазінах. Усяго “наразлічваўся” на 215 рублёў.

Здзекі з памяці аб ахвярах генацыду

Узбуджана крымінальная справа ў адносінах да невядомага, які на інфармацыйнай таблічцы і помніку ахвярам Вялікай Айчыннай вайны ў лясным масіве каля вёскі Коцькі нанёс чырвонай фарбай надпісы абразлівага характару.

Небяспечны інтэрнэт

Фінансавая непрыемнасць, калі можна так сказаць, здарылася з жыхаркай Дзятлава. Жанчына на інтэрнэт-пляцоўцы “Куфар” прадавала дзіцячы камбінезон. Даверлівасць у час перапіскі з “патэнцыйным пакупніком” прывяла да таго, што яна пералічыла на карт-рахунак махляра 530 рублёў.

І яшчэ адзін жыхар райцэнтра стаў ахвярай кіберзлачынцаў – з яго банкаўскай карткі “спісалі” 1300 рублёў.

—-

Міліцыя нагадвае:

не паведамляйце рэквізіты банкаўскай карткі (нумар, тэрмін дзеяння, трохзначны код на абароце), пін-код іншай асобе;

не пераходзьце па спасылках, якія высылаюць невядомыя суразмоўцы;

не перадавайце даныя для ўваходу ў сістэму Інтэрнэт-банкінг;

пры паступленні званкоў з “папярэджаннем” аб ашуканскіх дзеяннях, прапановай дыстанцыйнага адкрыцця выгаднага дэпазіту і спробах атрымаць рэквізіты картак завяршыце размову і ператэлефануйце па афіцыйным нумары call-цэнтра банка;

раскажыце аб мерах бяспекі пажылым сваякам;

праяўляйце разважлівасць і не паддавайцеся на правакацыі зламыснікаў.

Ігар ХІТРО,

намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў райвыканкама



Теги: