У райвыканкаме. Падрыхтоўка да ацяпляльнага сезона: што зроблена?

Важнае Улада

На Дзятлаўшчыне  падрыхтоўка да новага ацяпляльнага сезона завершана і першае цяпло, згодна з графікам, пачынае паступаць на сацыяльныя аб’екты.

У пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, якое прайшло пад кіраўніцтвам першага намесніка старшыні райвыканкама – начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталія Шулейкі, прыняў удзел начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў Аляксей Сіняўскі.

Падрыхтоўка аб’ектаў Дзятлаўскага раёна да работы ў асенне-зімовы перыяд 2022-2023 года праводзілася ў адпаведнасці з правіламі падрыхтоўкі арганізацый да ацяпляльнага сезона, знаходзілася на пастаянным кантролі раённага выканаўчага камітэта.

Усяго па стане на 13 верасня ў раёне былі зарэгістраваны ўсе 106 пашпартоў гатоўнасці спажыўцоў (319 аб’ектаў) цеплавой энергіі і 45 пашпартоў гатоўнасці ведамасных цеплакрыніц.

Крыху падрабязней спыніліся ў час пасяджэння на профільных службах.

РУП ЖКГ да пачатку ацяпляльнага сезона ў поўным аб’ёме выкананы прафілактычны рамонт усяго кацельнага абсталявання (18 адзінак) на ўсіх падведамных кацельнях. Праведзены капітальны рамонт 2 катлоў. Атрыманы ва ўстаноўлены тэрмін пашпарты гатоўнасці 18 цеплакрыніц. Праведзена праверка, устаноўка і наладка прыбораў уліку цяпла і газу, ачыстка ўнутраных паверхняў 7 катлоў, 2 бойлераў.

Выкананы ўсе асноўныя работы па аб’ектах водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі і падведамнага жыллёвага фонду.

Закончаны прафілактычны рамонт сістэм ацяплення ў 87 жылых дамах, 78 цеплавых пунктаў (вузлоў). У 22 запланаваных жылых дамах адрамантавана электрычнае абсталяванне.

Выкананы работы па рамонце дахаў жылых дамоў, балконаў, стыкаў сценавых панэляў, па шкленні месцаў агульнага карыстання.

Правераны ўсе дымавыя і вентыляцыйныя каналы ў 82 жылых дамах (661 кватэра). Па стане на 16 верасня кватэр з няспраўнымі дымавымі і вентыляцыйнымі каналамі няма.

Згодна з заданнем камунальнай гаспадаркай нарыхтавана 11,9 тыс. куб. м дроў (99 % ад запланаванага) і 3,1 тыс. куб. м драўнянай дранкі (44 %).

Дзятлаўскім РУП ЖКГ ва ўстаноўлены тэрмін падпісаны ўсе пашпарты гатоўнасці як спажыўцоў цеплавой энергіі, так і цеплакрыніц.

Дзятлаўскім раёнам электрычных сетак у мэтах забеспячэння ўстойлівай і безаварыйнай работы энергасістэмы раёна да пачатку ацяпляльнага перыяду 2022-2023 года праведзены капітальны рамонт паветраных ліній 10 кВ працягласцю 15,16 км, паветраных ліній 0,4 кВ працягласцю 36,15 км, капітальны рамонт 32 трансфарматарных падстанцый, рэканструкцыя 1,33 км паветраных ліній 10 кВ, рэканструкцыя 0,8 км паветраных ліній 0,4 кВ. Праведзена расчыстка прасек каля паветраных ліній 10 кВ, высечка небяспечных дрэў, прылеглых да прасекі паветраных ліній на плошчы 7,6 га. Рэгістрацыя і атрыманне пашпартоў гатоўнасці цеплакрыніц і спажыўца цеплавой энергіі праведзены ва ўстаноўлены тэрмін.

Дзятлаўскім раёнам газазабеспячэння завяршаецца рэалізацыя арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў, якія дазволяць забяспечыць устойлівую і надзейную работу газаразмеркавальных сістэм, аварыйна-рамонтных службаў у зімовы перыяд.

“Выдатнікі” і “разгільдзяі”

Несвоечасова вырашаліся пытанні па падрыхтоўцы аб’ектаў Дзятлаўскім філіялам Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства. Дадзеная арганізацыя ў міжацяпляльны сезон падрыхтоўкай сваіх ведамасных цеплакрыніц і спажыўцоў цеплавой энергіі займалася дрэнна. Акрамя таго, былі выпадкі выкліку інспектараў для ўдзелу ў камісіі пры непадрыхтаваных да праверкі аб’ектах.

Таксама з парушэннем графіка атрымалі пашпарты гатоўнасці КСУП “Жукоўшчына”, ААТ “Дварэц-Агра”, ААТ “Будкомплекс”, кіраўніцтва якіх пытанням падрыхтоўкі не надавала ніякай увагі або ставілася павярхоўна.

Як адзначыў Віталій Шулейка, кіраўнікі вызначаных арганізацый будуць прыцягнуты да адказнасці, а ў наступным годзе ў графіку падпісання пашпартоў гатоўнасці іх арганізацыі будуць фігурыраваць першымі.

Аляксей Сіняўскі дадаў, што напярэдадні пасяджэння райвыканкама супрацоўнікамі яго ўпраўлення быў праведзены маніторынг шэрагу прадпрыемстваў Дзятлаўскага раёна: РУП ЖКГ, ЦРБ, Дварэцкіх ільнозавода і школы і іншых. Ва ўсіх арганізацыях былі вызначаны недапрацоўкі або парушэнні.

– Ставіцца да падрыхтоўкі да ацяпляльнага перыяду трэба адказна, кіраўнікам абавязкова патрэбна кантраляваць дзейнасць адказных на прадпрыемстве за гэту работу, бо зіма праверыць на трываласць, – падкрэсліў Аляксей Аляксандравіч.

Са станоўчага боку прыкладам для ўсіх прагучала КУП “Дзятлаўскае ПМС”, якое выканала ўсе работы па падрыхтоўцы да ацяпляльнага перыяду і атрымала пашпарт гатоўнасці не тое што своечасова, а за месяц да ўстаноўленай па графіку даты.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: