У адзінстве наша сіла (+відэа)

Важнае Культура і адпачынак

Як казалі нашы мудрыя продкі, зямля народам моцная.

І Беларусь не раз пацвярджала гэту мудрасць у сваёй гісторыі. Каб пакінуць будучым пакаленням памяць аб сваім гістарычным вопыце, мы ўвасабляем яго ў дзяржаўных святах, якія нагадваюць аб вялікай каштоўнасці міру на зямлі, незалежнасці краіны і еднасці нашай нацыі.

Канцэртная праграма пад назвай  “У адзінстве наша сіла”, прысвечаная Дню народнага адзінства, сабрала ў зале раённага цэнтра культуры і народнай творчасці прадстаўнікоў кіраўніцтва раёна, арганізацый і прадпрыемстваў, школьнікаў, людзей розных пакаленняў, статуса, веравызнання, якіх аб’ядноўвае жаданне разам працаваць, будаваць, ахоўваць спакой, жыць, быць шчаслівымі і ўпэўненымі ў заўтрашнім дні.

– Дзякуючы стабільнасці і згодзе ў грамадстве, узаемнай падтрымцы і паўсядзённай працы мы разам дасягаем пастаўленых мэтаў і ствараем моцную і квітнеючую Беларусь, праслаўляем свой калектыў, раён, сваю малую радзіму. Каб быць адзінымі, нашы продкі, нашы бацькі і дзяды, якія абаранялі сваю зямлю ад ворага, даказалі: адзінства – гэта магутная і непераадольная сіла, – адзначылі вядучыя святочнай праграмы.

А сёння ў гэтай зале ўсіх аб’яднала добрая песня і цудоўны настрой, які прысутным дарылі творчыя калектывы – народны ансамбль песні “Зараначка”, група “Бархат”, выканаўцы Ганна Харлінская, Ала Чарняўская, Марына Варган, Таццяна Шостка, Таццяна Дудкіна, Наталля Бузук, Сяргей Малышчык, Чэслаў Свіб, юная беларусачка Аляксандра Міклаш, навучэнцы гімназіі № 1 горада Дзятлава. Яны спявалі пра шчырасць і гасціннасць беларускага народа, сяброўства з суседнімі краінамі, каштоўнасць роднага бацькоўскага парога, шчасце жыць у роднай краіне. Гучалі са сцэны і віншаванні са святам, пажаданні сілы духу, адзінства, незалежнасці і працвітання нашай Беларусі, а галоўнае, мірнага неба над галавой, ганарыцца сваёй краінай, прыносіць радасць і карысць не толькі сабе і сваім блізкім, рабіць добрыя справы, любіць і абараняць сваю Айчыну, бо ўсе мы  –  адзін народ, мы  –  гэта Беларусь.

У фае прысутныя змаглі азнаёміцца з выставамі “Беларусь – мая Айчына”, дзе змешчаны матэрыялы пра славутых людзей Бацькаўшчыны, гісторыю беларускай дзяржаўнасці, у тым ліку да юбілею Янкі Купалы і Якуба Коласа, “А родная мова гучала”, арганізаваную раённым гісторыка-краязнаўчым музеем, на якой можна было ўбачыць архіўныя матэрыялы пра нашых славутых паэтаў-землякоў, выданні іх твораў, фотаздымкі, рукапісы, а таксама работы Дзятлаўскай школы мастацтваў з краявідамі і пейзажамі роднага краю.

Таццяна САНЮК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga