Сумнік “крадзе” ваш ураджай

Важнае Грамадства

Ці ведалі вы, што сумнік канадскі (золотарник) – не проста прыгожая расліна з мяцёлкамі жоўтага колеру, але сур’ёзная пагроза для агародаў, палёў і лясоў, якая да таго ж вельмі хутка распаўсюджваецца?

Магчыма, ён ёсць і ў вашым агародзе.

 

Лепшы спосаб усвядоміць праблему – пабачыць яе на свае вочы. Каб зразумець маштабы трагедыі, нават ехаць далёка не давялося. На “старых” могілках у горадзе Дзятлаве сумнік трывала замацаваўся ў якасці дэкаратыўнай расліны, заняўшы ўнушальную плошчу. І гэта яшчэ паўбяды, але расліна-падарожнік ужо “перакачавала” на сельскагаспадарчыя ўгоддзі праз дарогу, а хутка “даляціць” і да бліжэйшага лесу.

На жаль, сімпатычны яркі сумнік стаў любімай раслінай і ў гаспадыняў раёна. Да прыкладу, у аграгарадку Вензавец (ды і не толькі там!) ён займае пачэснае месца ў агародах, жывой сцяной узвышаючыся побач з дрэвамі і барознамі з бульбай. Толькі не ўсе гаспадыні ведаюць, што такія мілыя кусты “крадуць” іх добры ўраджай.

– Мы прывезлі сумнік дадому з Жыровічаў, куды ездзілі разам з мужам, – расказвае жыхарка аграгарадка. – Спадабаўся яго прыгожы выгляд і тое, што даглядаць трэба мінімальна. Але нядаўна ўбачылі па тэлевізары перадачу пра тое, што гэта вельмі шкодная расліна. Цяпер збіраемся пазбаўляцца ад яе.

Сумнік нездарма лічыцца суперагрэсарам: адна расліна здольна рассеяць каля 100 000 штук насення, якія прарастаюць практычна 100 %. Такім чынам, за год ён здольны прасунуцца ўшыр на дзясяткі кіламетраў.

Некантралюемае распаўсюджванне сумніка прыгнятае і цалкам выцясняе іншыя расліны. У лугавых і пойменных экасістэмах, дзе пасяляецца сумнік, змяняецца склад і структура сенакосных угоддзяў, пагаршаецца якасць сена – буйная рагатая жывёла яго не есць – пры гэтым утвараюцца буйныя жорсткія дзярніны, змяняецца структура і працэс аэрацыі глебы.

Сумнік нясе пагрозу шматлікім раслінам, а таксама парушае структуру пасеву і зніжае ўраджайнасць сельскагаспадарчых культур.

Як змагацца?

Сумнік трэба скошваць у маі і ў жніўні. Галоўнае – своечасова прыбраць і ўтылізаваць скошаныя расліны, інакш насенне дазрэе і ўзыдзе на наступны год.

Добрыя вынікі дае перакопванне глебы летам у яснае надвор’е, а таксама прымяненне гербіцыдаў пры вышыні раслін не больш 10-15 сантыметраў.

Згодна з пастановай № 35 ад 28 кастрычніка 2016 года Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь усе віды сумніку забаронены да распаўсюджвання ў нашай краіне. Больш за тое, яны ўключаны ў спіс інвазійных відаў Еўрапейскай арганізацыі па абароне раслін, дзе пералічаныя чужародныя віды, якія наносяць сур’ёзныя страты абарыгенным раслінам, навакольнаму асяроддзю і біялагічнай разнастайнасці.

Экалагічныя службы працуюць над тым, каб зменшыць засілле сумніку канадскага ў нашым раёне. Аднак і ўсім дзятлаўчанам час зразумець: сумнік  не ўпрыгажэнне, а вораг мясцовай прыроды. Час ад яго пазбаўляцца.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga