“Сімвал адзінства” прыбыў на Дзятлаўшчыну (+відэа)

Галоўнае Грамадства

23 верасня Дзятлаўскі раён сустракаў удзельнікаў рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “Сімвал адзінства”, арганізаванай рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем “Патрыёты Беларусі” пры падтрымцы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Акцыя стартавала перад Днём народнага адзінства ў Полацку. За час яе правядзення патрыёты нашай краіны аб’ехалі ўсе раёны Віцебскай вобласці і частку Гродзенскай. Дзятлаўчане сустрэлі іх на мяжы Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў, дзе таксама далучыліся да калоны.

Дзятлаўскі каравай гасцям уручыў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч.

У нашым раёне ўдзельнікі аўтапрабегу наведалі брацкую магілу воінаў Чырвонай Арміі і партызан, загінулых пры вызваленні Дзятлаўскага раёна, магілы Герояў Савецкага Саюза Яна Фогеля і Паўла Пятрова, дзе прайшоў памятны мітынг. Удзел у ім прынялі прадстаўнікі раённай улады, грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў і сілавых структур.

– Патрыятызм, мужнасць, адзінства і гераізм дазволілі нашым продкам прайсці ваеннае ліхалецце, захаваўшы свабоду і незалежнасць сваёй Радзімы, – адзначыў першы намеснік старшыні райвыканкама Віталій Шулейка, звяртаючыся да ўдзельнікаў мітынгу. – Славу іх подзвіга адлюстроўваюць 97 помнікаў, абеліскаў і іншых форм увекавечання памяці абаронцаў Айчыны, узведзеных удзячнымі нашчадкамі на дзятлаўскай зямлі. Няхай памяць аб гераізме нашага народа напоўніць вашы сэрцы гонарам за родную краіну і надасць сілы на стваральную працу для яе росквіту. Ад усяе душы жадаю ўсім міру, здароўя, шчасця і дабрабыту.

Намеснік старшыні федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Вадзім Грачоў расказаў аб сутнасці праекта “Сімвал адзінства”:

– Гэтай акцыяй мы хочам паказаць, што ніхто не забыты і нішто не забыта. Кожны рэгіён нашай краіны перадае сімвалічныя дэталі-шасцярэнькі, з якіх у сталіцы нашай Радзімы ў канцы гэтага года будзе створаны адзіны механізм – сімвал адзінства і працавітасці нашага народа, дзе кожнае звяно значнае і незаменнае. Мы з вамі з’яўляемся ўдзельнікамі знакавай падзеі. Гэта мерапрыемства аб самым галоўным, аб адзінстве. Што нас аб’ядноўвае? Гэта наша багатая гісторыя, культура, традыцыі. Гэта наша любоў да Радзімы і памяць.

Удзельнікі мітынгу ўшанавалі хвілінай маўчання памяць аб загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны і ўсклалі кветкі да падножжа помніка.

Ажывіць гісторыю – задакументаваць успаміны ветэранаў, аблічбаваць фотаздымкі і іншыя матэрыялы – мэта, якую паставілі перад сабой прадстаўнікі РА “Патрыёты Беларусі”.

Адно з ключавых мерапрыемстваў праекта – устаноўка інфармацыйных таблічак з нанесеным QR-кодам каля помнікаў, мемарыялаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. Скарыстаўшыся смартфонам, па кодзе кожны можа азнаёміцца з падрабязнай інфармацыяй аб ваенных падзеях у гэтых месцах. У час мітынгу такая таблічка была ўстаноўлена каля магілы Герояў Савецкага Саюза Яна Фогеля і Паўла Пятрова. Прадстаўнікі РГА “Патрыёты Беларусі” перадалі дзятлаўчанам яшчэ сем падобных таблічак.

– Па праекце “Захаваем гісторыю” мы ўжо аблічбавалі некаторыя помнікі ў вашым раёне. Спадзяёмся, што ў бліжэйшыя некалькі гадоў ахопім увесь раён, але без вашай дапамогі мы не справімся, таму запрашаем вас да напісання гісторыі, — адзначылі прадстаўнікі РГА “Патрыёты Беларусі”.

Прадоўжылася мерапрыемства ў раённым цэнтры культуры канцэртам зорак беларускай эстрады, якія прадставілі дзятлаўчанам сваю мзычную праграму. Вядомыя хіты і новыя песні на раённай сцэне праспявалі шоу-група “Бай-Сіці”, Вольга Любавіна і Дзмітрый Стрэж, арт-праект “Брэнд.BY”, заслужаная артыстка Беларусі Алёна Ланская. Удзячныя гледачы адарылі іх авацыямі і кветкамі.

У рамках акцыі “Сімвал адзінства” ў кожным раёне адбываецца перадача сімвалічнай дэталі-шасцярэнькі гадзінніка, якія ў выніку плануюць сабраць і аб’яднаць у адзіны механізм, які будзе складацца са 118 дэталяў – па колькасці раёнаў Беларусі. На сцэне Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці ад імя жыхароў раёна шасцярэньку арганізатарам праекта перадаў Віталій Шулейка, атрымаўшы ў адказ макет адзінага механізма, які сімвалізуе моцную незалежную Беларусь.

Далей аўтапрабег накіраваўся ў Слонімскі раён. Наперадзе яшчэ больш за 80 раённых цэнтраў краіны. Па ходзе акцыі актывісты наведаюць ваенныя мемарыялы, месцы пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны, сустрэнуцца з ветэранамі, правядуць дыялогавыя пляцоўкі з моладдзю. На воінскіх пахаваннях будуць устаноўлены памятныя таблічкі з QR-кодамі, з дапамогай якіх можна будзе даведацца гістарычныя даныя, успаміны відавочцаў тых даўніх падзей.

Наталля АВЯРЧУК 

Фота аўтара

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: