Школьны мерыдыян. Да Дня народнага адзінства

Важнае Грамадства

 “Мы разам, мы сябруем, мы адзіныя!”

Так называлася класная гадзіна, якая прайшла ў 1 класе Вензавецкай сярэдняй школы. Падчас гульнявой праграмы першакласнікі выказвалі свае думкі на раскрыццё сэнсу новага для іх слова “адзінства”. Выконваючы розныя заданні, разам прыйшлі да высновы, што адзінства – гэта не адзін, гэта аб’яднанне ўсіх людзей, гэта згода і сяброўства, гэта мір і ўзаемаразуменне.

“Мы адзіныя і непераможныя”

Пад такой назвай у Новаяльнянскім дзіцячым садзе ладзілася ўрачыстае мерапрыемства, якое адкрылася выкананнем Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.

Вядучы расказаў выхаванцам аб значнасці Дня народнага адзінства, свята патрыятызму, узаемадапамогі і яднання народа.

Дзеці паглядзелі відэафільм “Беларусь памятае”, успомнілі аб трагічных падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Затым прачыталі вершы, прыказкі і прымаўкі пра Радзіму, выканалі песню  і танцавальную кампазіцыю з вяночкамі, паўдзельнічалі ў   інтэрактыўнай гульні.

Гімназісты пісалі анлайн- дыктант

Вучні  8-11 класаў гімназіі № 1 горада Дзятлава прынялі ўдзел ў напісанні рэспубліканскага дыктанта. Гімназісты  11 класа выбралі анлайн-фармат з удзелам міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэя Іванца.  Мэта дыктанта – выхаванне паважлівага і адказнага стаўлення да гісторыі беларускага народа, фарміраванне ўсведамлення непарыўнай сувязі гісторыі і сучаснасці, важнасці народнага яднання на шляху да росквіту Радзімы. Нягледзячы на тое, што адзнакі за дыктант не прадугледжваліся, гімназісты  добрасумленна правярала свае запісы па тэксце і выпраўлялі памылкі.

 

Наша сіла – у адзінстве!

У Гезгалаўскім дзіцячым садзе прайшла тэматычная забава “Разам мы – краіна Беларусь!”

У даступнай гульнявой форме выхавальніца раскрыла дзецям сэнс слоў “народнае адзінства”. Затым запрасіла ў віртуальнае падарожжа па гарадах Беларусі. Разам яны наведалі памятныя мясціны сталіцы Беларусі, пабывалі ў Брэсцкай крэпасці, пазнаёміліся з помнікам І. Ю. Філідовічу ў горадзе Дзятлаве, паглыбілі свае ўяўленні аб гераічных старонках гісторыі нашай краіны ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

З дапамогай дыдактычных гульняў выхаванцы замацавалі веды пра дзяржаўную сімволіку, прыродныя сімвалы, геаграфічнае становішча Беларусі. Яны прачыталі вершы беларускіх паэтаў пра Радзіму, успомнілі прыказкі і прымаўкі пра родную зямлю, пагулялі ў любімыя народныя гульні. Скончылалася мерапрыемства флэш-мобам  “Мая Беларусь” і пажаданнямі міру і працвітання роднай краіне.

Беларусь – краіна адзінства

У 3 “А” класе сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава прайшла класная гадзіна  “Беларусь – краіна адзінства”. Навучэнцы пазнаёміліся з гісторыяй паходжання новага свята, якая сыходзіць у далёкае мінулае нашай дзяржавы.  Яны зразумелі, што сёння ў нас ёсць галоўнае – мірная, стабільная, прыгожая і незалежная краіна, залогам паспяховага развіцця якой з’яўляецца адзінства народа. Для таго каб супрацьстаяць шматлікім праблемам і выклікам сучаснасці, мы павінны быць разам, незалежна ад узросту і роду заняткаў.

“Мы – гэтай  зямлі працяг”

Круглы стол пад такой назвай  з вучнямі 9-11 класаў адбыўся ў Дварэцкай сярэдняй школе. На мерапрыемства былі запрошаны член грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Наталля Бяляк, кіраўнік школьнага музея “Памяць” Сяргей Каско.

Госці адзначылі, што на старэйшае пакаленне сёння ўскладзена сур’ёзная адказнасць – навучыць моладзь паважаць тых, хто жыве з імі ў адной краіне, адным горадзе, на адной вуліцы, вучыцца ў адной школе. Затым запрасілі прысутных у падарожжа па гісторыі нашай Айчыны, каб разам вызначыць месца беларусаў у свеце і даказаць: Дзень народнага адзінства стаў своечасовай і важнай датай у жыцці беларусаў. Удзельнікі круглага стала разам прыйшлі да высновы, што сапраўдны патрыёт – гэта той, хто любіць сваіх бацькоў, ніколі не будзе шкодзіць сваёй Радзіме, імкнецца  пакінуць свой след у гісторыі малой радзімы, нешта добрае перадаць нашчадкам. Сёння кожны  можа напісаць уласную старонку ў гісторыю нашай краіны.

 Пакуль мы помнім  мінулае – у нас ёсць будучае

Навучэнцы Жукоўшчынскай базавай школы прынялі ўдзел у мітынгу да Дня народнага адзінства “Помнім!”. Разам з дэлегацыяй КСУП “Жукоўшчына” і Жукоўшчынскага сельвыканкама яны аддалі даніну павагі подзвігу землякоў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, ушанавалі хвілінай маўчання іх памяць і  ўсклалі кветкі  да абеліскаў  у вёсках Краглі Вялікія і Погіры, а таксама ля памятнага знака ў Шаркутовым лесе, дзе былі расстраляны жыхары вёскі Погіры за сувязь з партызанамі.

Падрыхтавала Таццяна САНЮК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: