Рабіць трэба не для “галачкі”

Важнае Улада

Прайшло чарговае пасяджэнне сесіі Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў 28 склікання пад кіраўніцтвам старшыні райсавета Аляксандра Бараноўскага.

У яе рабоце прынялі ўдзел старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў, супрацоўнікі райвыканкама, службаў і арганізацый раёна. На павестку дня былі вынесены некалькі пытанняў.

 

Інфармацыю аб рабоце Дзятлаўскага сельскага Савета дэпутатаў і сельвыканкама агучыў яго старшыня Аляксандр Маркушэўскі, які падрабязна спыніўся на тым, што робіцца па забеспячэнні сацыяльна-эканамічнага развіцця падведамнай тэрыторыі. Тут функцыянуюць базавая школа, ФАП, магазіны, працуюць сацыяльныя аб’екты, аказваецца дапамога адзінокім людзям, вядзецца прафілактычная работа з насельніцтвам.

Дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык расказала аб тым, як у раёне рэалізуецца праграма “Даступнае асяроддзе жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асобаў” рэгіянальнага комплексу мерапрыемстваў  Дзяржаўнай праграмы “Сацыяльная абарона” на 2021-2025 гады.

Таццяна Сямёнаўна адзначыла пастаянную плённую работу, якая вядзецца ў гэтым напрамку пры супрацоўніцтве з ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” і “Беларускае таварыства інвалідаў па зорку”.

Аднак маніторынгі, якія прайшлі на Дзятлаўшчыне пры ўдзеле спецыялістаў і людзей з абмежаванымі магчымасцямі, паказалі, што праблемы і недапрацоўкі ёсць, іх неабходна выпраўляць у рабочым парадку.

– На Дзятлаўшчыне 6 % насельніцтва – людзі з інваліднасцю, гэта вельмі ўнушальная лічба. Сёння дзяржавай робіцца многае для таго, каб яны адчувалі сябе камфортней у асяроддзі, былі паўнацэннымі  ўдзельнікамі  грамадскага жыцця. Аднак здараюцца выпадкі, калі стварэнне безбар’ернага асяроддзя робіцца толькі для “галачкі”.

Спецыяліст з дапамогай слайдаў прадэманстравала прыклады недапрацовак у выкананні падобных работ, разам з тым, падзялілася і шматлікімі станоўчымі прыкладамі. Па яе меркаванні, у стварэнні безбар’ернага асяроддзя павінны прымаць удзел спецыялісты з запрашэннем экспертаў, каб вынік работы быў сапраўды функцыянальны.

У рашэнні Дзятлаўскага Савета дэпутатаў па гэтым пытанні – дзесяць пунктаў, якія ў будучым належыць рэалізаваць арганізацыям раёна.

У ходзе сесіі таксама быў разгледжаны шэраг пытанняў мясцовага значэння ў фінансавай, эканамічнай, жыллёва-камунальнай сферах, рашэнні па якіх прынялі дэпутаты.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga