Фестываль-карнавал роставых лялек у Дзятлаве (+відэа)

Важнае Культура і адпачынак

Дзеці і дарослыя, мясцовыя жыхары і госці Дзятлава мелі магчымасць папрысутнічаць на  карнавале-фестывалі  роставых лялек і гульнёвых праграм.

Яго ўдзельнікі прывезлі на фестываль мноства захапляльных і цікавых гульняў, бо, як хтосьці слушна сказаў, гульня — гэта жыццёвая лабараторыя дзяцінства.

Але перш чым прапанаваць гледачам казкі і забавы, артысты ў казачных касцюмах удзельнічалі ў шэсці па вуліцах Дзятлава. Герояў вядомых мультфільмаў і казак віталі дзятва і дарослыя.  Фестывалілі па-суседску: дзятлаўчане, госці з Карэліцкага, Свіслацкага, Лідскага, Дзяржынскага раёнаў.

Менавіта выдатнага настрою, знаёмства з новымі цікавымі героямі-лялькамі пажадалі на пачатку фестывалю члены журы: дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, яна ж старшыня журы,  Таццяна Нікіпорчык, старшыня раённага аддзялення РГА «Беларускі дзіцячы фонд» Алена Чайкоўская, метадыст метадычнага аддзела Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Таццяна Янушкевіч.  Яны зычылі ўдзельнікам поспехаў, а перамогі – мацнейшым.

Пераможцамі сталі ўзорны тэатр гульні роставых лялек «Лялькі для ўсіх» Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці (кіраўнікі Іван Каско, Аксана Кашляк) і
народны тэатр-студыя гульні “Карагод” з аграгарадка Грынкі Свіслацкага раёна (Марыя Самалевіч). На другой пазіцыі — узорная тэатральна-гульнявая студыя «Жэўжыкі» з горада  Фаніпаля Дзяржынскага раёна (Жанна Скапавец) і творчы калектыў Гезгалаўскага дома культуры (Наталля Бузук). Дастойнае выступленне паказалі і народны тэатральны калектыў «Бераг» з Мінойтаў Лідскага раёна ( Святлана Чайко) і творчы калектыў Дзятлаўскага РАНС (Мікіта Кандратовіч).

Акрамя гэтага, госці захапляліся шоу мыльных бурбалак, крыа-шоу з вадкім азотам «Лабараторыя навуковых цудаў» студыі дзіцячых святаў «Сюрпрыз» з горада Ліды.

Таццяна САНЮК
Фота Ільі КАВАЛЕНКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga