Дзень беларускага пісьменства ў гімназіі № 1 горада Дзятлава

Грамадства Свежыя навіны

Дваццаць дзявяты Дзень беларускага пісьменства прайшоў сёлета ў Добрушы.

У гімназіі № 1 горада Дзятлава таксама адбыліся святочныя мерапрыемствы да гэтай знакавай падзеі.

На працягу некалькіх дзень у бібліятэцы гімназіі працавала літаратурная выстава. У час падарожжа  гімназісты 1-11 класаў пазнаёміліся з цікавымі літаратурнымі экспанатамі з фонду бібліятэкі, такімі як “Біблія”, “Скарынаўскі каляндар”, “Асветнікі зямлі беларускай”.  Вучням быў прапанаваны відэаролік “Беларусь – мая Радзіма”, а таксама  прэзентацыя  “Сем цудаў Дзятлаўшчыны”, якая суправаджалася вучнёўскімі выступленнямі.

Вучні пачатковых класаў наведалі Краіну беларускага пісьменства, пазнаёміліся з  творчасцю выдатных беларускіх пісьменнікаў, прыдумалі новыя ілюстрацыі да старонак любімых кніг, прадэманстравалі свае таленты як чытальнікі вершаў, расказалі пра любімага героя з кніжнага свету.

Для вучняў 5-8 класаў была праведзена інтэрактыўная гульня “Я люблю цябе, мая Беларусь”. Ім былі прапанаваны займальныя заданні па розных раздзелах беларускай мовы і літаратуры. Падчас гульні гімназісты змаглі пабыць журналістамі, этнографамі, фалькларыстамі, мовазнаўцамі, перакладчыкамі.

Члены БРПА наведалі Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі і сталі ўдзельнікамі мерапрыемства “Будучыня за намі”, мэта якога –  папулярызацыя моладзевага руху, праяўлення лідарскага  і творчага патэнцыялу падрастаючага пакалення.

Сапраўдным святам стала сустрэча гімназістаў 9-11 класаў з Аленай Абрамчык, старшым навуковым супрацоўнікам Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея  і былой настаўніцай гімназіі пад назай “Вабяць родныя прасторы”. Вучні пазнаёміліся з гісторыяй свята пісьменнасці, знакамітымі людзьмі Дзятлаўшчыны, архіўнымі дакументамі музея. Напрыканцы сустрэчы Алена Рыгораўна прачытала свае асабістыя вершы на рускай і беларускай мовах пра родную Беларусь, прыгажосць беларускіх краявідаў.

Аксана ВАНЧУК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga