Дарога ў будучыню пачынаецца за партай (+відэа)

Галоўнае Грамадства

Першага верасня – святочны і хвалюючы дзень, які на Дзятлаўшчыне, як і ва ўсіх куточках нашай Радзімы, пачаўся з урачыстых лінеек, першых школьных званкоў, кветак, віншаванняў, і першага ўрока “Гістарычная памяць – дарога ў будучыню”.

На святочнай лінейцы ў Казлоўшчынскай сярэдняй школе галоўнымі героямі дня сталі 23 першакласнікі і іх настаўніца Ганна Кедук.

Раздзялілі ўрачысты момант з навучэнцамі школы, іх бацькамі і настаўнікамі старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі, новапрызначаны начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская, старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Вадзім Бялятка, намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Беленка, настаяцель храма Успення Прасвятой Багародзіцы гарпасёлка Казлоўшчына  Георгій Ярмоліч.

Дырэктар Казлоўшчынскай сярэдняй школы Ігар Данільчык павіншаваў дзяцей і іх бацькоў, настаўнікаў  з пачаткам новага навучальнага года, падзякаваў за ўзаемадзеянне, расказаў аб планах і дасягненнях.

Андрэй Садоўскі таксама шчыра павіншаваў усіх прысутных, пажадаў поспехаў ва ўсіх пачынаннях.

– Дзень ведаў стаў для беларусаў сапраўдным сямейным святам. Сёння тут прысутнічаюць тыя, хто прайшоў савецкую школу, і тыя, хто навучаўся ў суверэннай Беларусі. Наша сістэма адукацыі ўзяла лепшыя традыцыі ад папярэдніх пакаленняў і памножыла іх на сучасныя тэндэнцыі, – адзначыў Андрэй Уладзіміравіч. – Асаблівыя словы ўдзячнасці хачу выказаць педагогам. Вы аберагаеце агмень храма навукі, удасканальваеце свае веды, каб даць нашым дзецям выдатныя перспектывы, выхоўваеце сапраўдных патрыётаў сваёй краіны.

З нагоды Дня ведаў кіраўнік раёна ўручыў дырэктару школы грашовы сертыфікат ад раённага выканаўчага камітэта на 2000 рублёў для падтрымання матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальнай установы.

Да віншаванняў далучыліся іншыя госці ўрачыстасці. А яшчэ першакласнікаў чакаў прыемны сюрпрыз: кнігу “Беларусь – наша Радзіма” ім уручылі педагогі, а будучыя выпускнікі “запалілі” зорачку кожнага першакласніка на школьным небасхіле. За парты навучэнцаў школы паклікаў залівісты першы званок, права даць які было прадастаўлена першакласніцы Дар’і Юранавай, адзінаццацікласніку Максіму Баравіку і педагогу Таццяне Літвінскай.

Госці мерапрыемства прынялі ўдзел у першым уроку “Гістарычная памяць – дарога ў будучыню”, які ў 9 класе правяла класны кіраўнік Іна Альшэўская.

Андрэй Садоўскі пагутарыў з навучэнцамі школы пра тое, што ўвогуле і для кожнага асабіста азначае гістарычная памяць, нагадаў, што гісторыя Дзятлаўшчыны часоў Вялікай Айчыннай вайны поўніцца трагічнымі падзеямі, фактамі генацыду мірнага насельніцтва, якія нельга забываць. Ён параіў школьнікам у новым навучальным годзе абавязкова наведаць Хатынь, дзе сёння ідзе Усебеларуская моладзевая будоўля новага музея. Там у пераліку знішчаных беларускіх вёсак, навечна ўпісаных на каменных плітах, можна адшукаць і  шэсць населеных пунктаў нашага раёна.

Ва ўсіх школах раёна прайшлі ўрачыстыя лінейкі, у час якіх кіраўнікі навучальных установаў атрымалі грашовыя сертыфікаты ад райвыканкама на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Сярэдняя школа № 1 горада Дзятлава

Гимназия № 1 города Дятлово

Сярэдняя школа № 3 горада Дзятлава

 

Гезгалаўская сярэдняя школа

Новаяльнянская сярэдняя школа

Вензавецкая сярэдняя школа

Дварэцкая сярэдняя школа

Жукоўшчынская базавая школа

Круцілавіцкая сярэдняя школа

Раклевіцкая базавая школа

Хвінявіцкая сярэдняя школа

Санаторная школа «Баравічок»

Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі

Наталля АВЯРЧУК

Фота Наталлі АВЯРЧУК, Вольгі ЮШКЕВІЧ, Ільі КАВАЛЕНКІ, Ірыны СТЫРНІК



Теги: