Да Свята народнага адзінства. Цімафей Лабар – невядомы герой Заходняй Беларусі

Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У экспазіцыі нашага музея, у зале, прысвечанай Заходняй Беларусі, знаходзіцца работа нашага земляка, разьбяра па дрэве Уладзіміра Іосіфавіча Мацюка пад назвай “За кратамі панскай турмы”.

Работа, па даных музейных фондаў, зроблена ў сярэдзіне 50-х гадоў мінулага стагоддзя, якраз у пару росквіту творчасці майстра. Пано ўражвае дакладнасцю перадачы пакутаў закаванага ў кайданы вязня, які сядзіць у адзіночнай камеры польскай турмы. Хто герой работы? Ці, можа, гэта абагульнены, тыповы вобраз заходнебеларускага вязня, барацьбіта за свабоду ад польскага прыгнёту, за родную мову, культуру, будучыню беларускага народа?

Думаецца, што хутчэй за ўсё другое, аднак, магчыма, прататыпы былі, і адным з іх мог быць Цімафей Дзям’янавіч Лабар, наш зямляк, вязень Гродзенскай турмы. У экспазіцыі музея маюцца дакументы і канспекты Цімафея Лабара, датаваныя 1927 годам. Праз Гродзенскую турму прайшлі многія вядомыя дзеячы Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Сярод асуджаных быў і актывіст Таварыства беларускай школы Пётр Сяўрук, аўтар першай “Беларускай граматыкі” Браніслаў Тарашкевіч і многія вядомыя людзі таго часу.

Заходняя Беларусь увогуле была напоўнена яўнай і тайнай палітычнай паліцыяй (дэфензівай), арміяй, тут дзейнічалі шматлікія суды, карныя экспедыцыі і турмы. У 1934 годзе па распараджэнні Яна Пілсудскага быў створаны адзін з першых у Еўропе Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер. Тэрор, масавыя арышты, здзекі і катаванні былі звычайнай з’явай у Заходняй Беларусі. Яны з’яўляліся асноўным сродкам зацвярджэння ўлады і метадам праўлення польскіх кіруючых колаў. Усё гэта выклікала беларускі народ на барацьбу за сваё сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне.

Турэмны асяродак ні ў якім разе не прытупляў жаданне вязняў жыць і змагацца, аб чым сведчаць канспекты Цімафея Лабара па гісторыі, пісаныя дробным шрыфтам ад рукі. Некаторыя старонкі захаваліся добра, а некаторыя сапсаваліся ад часу і вільгаці, якая некалі на іх трапіла. Аднак, рукапісныя канспекты яскрава сведчаць: вязень змагаўся ўсімі даступнымі сродкамі з абставінамі, адзінотай і бяздзейнасцю. Якую кнігу ён канспектаваў, застаецца загадкай. Рукапіс падзелены на раздзелы і пачынаецца з перыяду Вялікага Княства Літоўскага і Еўропы эпохі Адраджэння. У канспекце згадваецца чэшскі мысліцель Ян Гус, паэт Вільям Шэкспір, летапісец Нестар і многія іншыя вядомыя гістарычныя асобы. А ў канцы канспекта – вершы Цімафея Лабара. Удалося разабраць толькі адзін, радкі астатніх размытыя, іх немагчыма прачытаць нават пад лупай. Менавіта гэты верш можа быць лейтматывам да работы Уладзіміра Мацюка – адзінокі вязень за кратамі. Успамінаецца і яшчэ адзін заходнебеларускі паэт, класік беларускай літаратуры Максім Танк (Яўген Скурко), таксама вязень многіх заходнебеларускіх турмаў, аўтар верша “Паслухайце, вясна ідзе” – у ім увасоблены герой-вязень. Ён верыць у вызваленне, у перамогу дабра над злом, што ўвасабляе польская ўлада.

Цімафей Лабар не прафесійны паэт, але жаданне перадаць вершаваным радком свае думкі і пачуцці пераважае над сарамлівасцю. Ды і талент, безумоўна, прысутнічаў, толькі яшчэ не адшліфаваны. Верш атрымаўся пранікнёны і шчыры, поўны веры ў родны край і беларускі народ (у надрукаваным варыянце захавана арфаграфія і пунктуацыя аўтара).

Пад час вячэрняга ўзмроку,

Калі ўціхне грукат дня

І ціхі гоман быццам шопат

Здалёк чуцён мне ля вакна, –

Які як птушка быццам б’ецца

Аб краты ржавыя прад мной

І лашчыць, мучыць і смяецца,

І ціха вабіць за сабой.

Я ў гэты час цудоўных казак

У ім чытаю аб жыцці,

І чую ў ім нядолі лязгат

І журкат слёз свае зямлі.

Нявольна душу агартае

Мне невядомы тагды жаль

І болем сэрца ён сціскае

За родный наш, пакутны край.

Наперад кліча да ўзмагання,

Да бою з ліхваю людзкой, –

Каб знішчыць гнёт увесь дазвання,

Здушыць, змяшаць яго з зямлёй!

І светлых дзён ў праменні чыстым,

Без слёз нядолі ўзняў бы край,

Ды ў новым радасным бы жыцці

Ён грудззю поўнаю ўздыхнуў!

Вось такія мы, беларусы, умеем працаваць, любіць родны край, змагацца за яго волю, заўсёды імкнёмся наперад, перамагаючы ўсе нягоды жыцця, паэты ў душы, тонкія і чуллівыя. І будзем такімі заўсёды!

Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga