З тысячным намалотам! Хто на гэты раз прымаў віншаванні?

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Жніво-2022 на Дзятлаўшчыне ўжо перасягнула экватар. На ім вызначаюцца ўсё новыя лідары.

15 жніўня хлебаробы атрымлівалі заслужаныя віншаванні ад першага намесніка старшыні райвыканкама – начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталія Шулейкі і старшыні раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзіміра Казака.

На гэты раз рубеж у тысячу тон (а на адвозцы часам і ў дзве) перасягнулі работнікі гаспадарак ААТ “Граніт-Агра”, “Дварэц-Агра”, КСУП “Войневічы”.

На гранітаўскіх палетках каля вёскі Ведравічы на аўсяным полі для віншавання перадавікоў да гасцей далучыліся дырэктар гаспадаркі Станіслаў Мазур, яго намеснік па ідэалагічнай рабоце Кацярына Дубешка, старшыня прафкама Алена Зенчык. Дыпломамі, грашовымі прэміямі і імправізаванымі  памятнымі медалямі былі адзначаны вадзіцелі-двухтысячнікі Аляксандр Бакей, які на МАЗе-555 102 перавёз 2082 тоны збожжа, і Міхаіл Нагорны, які на МАЗе-5550 С5 перавёз 2006 тон збожжа. Такія ж узнагароды і лепшыя пажаданні атрымаў сямейны камбайнавы экіпаж КЗС-1218 Юрыя і Ларысы Буткевічаў за намалот у 1124 тоны.

– Разам з жонкай на жніве мы сёлета першы сезон, сумесная праца дае свой плён, – расказаў Юрый Буткевіч. – Сам я выходжу на жніво ўжо дзявятае лета запар. Гэты год можна назваць удалым і ўраджайным: спрыяе надвор’е, не падводзіць тэхніка. Са сваёй “палавінкай” працуем мы зладжана і спадзяёмся выйсці на паўтары тысячы тон. Калегам па жніве жадаем поўных бункераў, цярпення і моцнага здароўя.

За мехдваром «Круцілавічы» малоцяць трыцікале. На адвозцы разам з калегамі тут працуе малады вадзіцель Віталій Макарчук. Як прызнаецца, гэта не першы яго жніўны сезон. На сваім ГАЗ-3507 Віталій ужо адвёз 862 тоны. Для тэхнікі з невялікай грузапад’ёмнасцю гэта таксама рэкорд, таму малады работнік прымаў заслужаныя віншаванні і ўзнагароды. Ён упэўнены, што па выніках жніва абавязкова стане тысячнікам, іншым таксама жадае поспехаў і выніковай працы.

За вёскай Навасёлкі з поля, дзе жнуць трыцікале, на магутным МАЗе-555142 збожжа адвозіць яшчэ адзін гранітаўскі вадзіцель – Казімір Рысюк. Ён ужо паспеў перавезці ў засекі гаспадаркі 2032 тоны збожжа, за што і ўзнагароджаны. А побач на КЗС-1218 працуе камбайнавы экіпаж-тысячнік дваюрадных братоў – камбайнера Андрэя Літвінскага і яго памочніка Аляксандра Паршука. Іх дасягненне – 1082 тоны збожжа.

– Прымаць віншаванні заўсёды прыемна, – прызнаюцца хлопцы.

Яны таксама мараць аб намалоце як мінімум у паўтары тысячы, але ўздыхаюць, што жніво падыходзіць да фінішнай прамой.

Наступная сустрэча адбываецца ўжо на палетках ААТ “Дварэц-Агра” з першым у гэтай гаспадарцы сёлетнім тысячнікам Сяргеем Сямашкам. Запаветныя 1005 тон Сяргей Аляксандравіч перавёз на сваім МАЗе -555142 і атрымаў не толькі дыплом і прэміі, але і “зялёную экіпіроўку” ад раённай арганізацыі прафсаюза АПК.

На полі КСУП “Войневічы” каля вёскі Сямёнавічы гасцей з райцэнтра ўжо чакалі дырэктар гаспадаркі Сяргей Францішчык і старшыня прафкама Вольга Сухецкая. Сярод войневіцкіх вадзіцеляў-тысячнікаў на гэты раз Андрэй Сідэнка і Мікалай Мішчук, якія на сваіх МАЗах-555 перавезлі 1131 тону і 1002 тоны адпаведна. Ім пажадалі, як мінімум, падвоіць свае вынікі і абавязкова яшчэ вызначыцца на жніве-2022.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: