З клопатам – ад ратаўнікоў і “Перамогі”

Важнае Здарэнні і бяспека

На Дзятлаўшчыне прадаўжаецца рэспубліканская акцыя “З клопатам аб бяспецы малой радзімы”, да якой гэтым разам далучылася карэспандэнт газеты “Перамога”.

У гарачую жнівеньскую пару жыхароў сельскіх населеных пунктаў нашага раёна можна сустрэць найчасцей каля аўтамагазіна, які прыязджае па раскладзе. Сёння яго маршрут пралягаў праз вёскі Малдуці, Маскалёўцы, Апаліна-Басіна і Страла. У час стаянкі выязнога магазіна прафілактычную гутарку з вяскоўцамі правёў інспектар Дзятлаўскага РАНС Мікіта Кандратовіч.

– Акцыя накіравана на прафілактычную работу сярод людзей “залатога” ўзросту, іх дзяцей, унукаў, каб звярнуць увагу на крыніцы небяспекі ў вясковых і гарадскіх дамах, – расказаў ён. – У топ-3 тут уваходзяць курэнне, пячное ацяпленне, электрычная праводка.

Мікіта Сяргеевіч нагадаў прысутным алгарытм дзеянняў у выпадку надзвычайнай сітуацыі і экстранныя нумары пажарнай службы, раздаў інфармацыйныя буклеты аб бяспецы ў побыце.

Мясцовыя жыхаркі здзівілі выступоўцу сваёй дасведчанасцю ў пытаннях бяспекі, задалі пытанні, большасць з якіх тычылася пячнога ацяплення і правілаў спальвання смецця. Школьнікам, якія на “ты” са смартфонамі, інспектар паказаў, як карыстацца мабільным дадаткам “МНС Беларусі: дапамога побач”.

– Цяпер у раёне праходзіць інфармацыйная кампанія “Бяспечная старасць”, у час якой мы нагадваем дзецям і ўнукам пажылых людзей, каб яны прасачылі за бяспечнымі ўмовамі жыцця сваіх пажылых бацькоў, праводзім гутаркі, адпраўляем ім лісты з памедамленнямі, – адзначыў ратаўнік. – Акрамя таго, кожны чацвер працуе аглядавая камісія, якая інспекціруе ўмовы пражывання адзінокіх грамадзян і тых, хто жыве адзінока, выносіць адпаведныя прадпісанні іх родным.

Удзельнікі імправізаванага прафілактычнага сходу атрымалі невялікія сюрпрызы ад газеты “Перамога”.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga