З карысцю для душы

Грамадства Свежыя навіны

У чарговы раз педагогі Дзятлаўшчыны здзейснілі цікавую і пазнавальную паездку па родных, але нязведаных маршрутах Беларусі.

У цёплы жнівеньскі дзень, калі душа адпачывае ад працоўных думак, Дзятлаўскі райкам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі арганізаваў экскурсію па некалькіх раёнах Беларусі: у храм-крэпасць у Сынкавічах (Зэльвенскі раён), палацавы комплекс у Ружанах (Пружанскі раён), сядзібу Тадэвуша Касцюшкі і Косаўскі замак (Івацэвіцкі раён),  горад Слонім.

Экскурсія пачалася з наведвання царквы Святога Архангела Міхаіла, дзе можна было прыкласціся да цудатворнай іконы Божай Маці Усецарыцы, якая дае надзею вернікам, стварае цуды.

Вельмі цікава было наведаць прыгожы архітэктурны ансамбль, які называюць беларускім Версалем, – маёнтак  аўтара Статута Вялікага Княства Літоўскага, знакамітага магната Льва Сапегі. Як вядома, у 17 ст. Ружанскі замак быў значным цэнтрам палітычнага жыцця Вялікага Княства Літоўскага, у вялізных двухпавярховых падвалах якога захоўвалася казна княства, дзяржаўныя дакументы і архіў роду Сапегаў. Так званы “код” у падвалы быў вядомы толькі самому Льву Сапегу і яго найбліжэйшаму чалавеку.

Наступным прыпынкам стала ўрочышча Мярэчаўшчына, дзе размешчаны мемарыяльны музей-сядзіба Тадэвуша Касцюшкі, якому было наканавана прыняць удзел у амерыканскай рэвалюцыі і вайне за незалежнаць, узначаліць польскае паўстанне і стаць нацынальным героем Беларусі, Польшчы, Літвы, Францыі і ЗША.

Моцныя ўражанні пакінуў дзіўны таямнічы замак – палац Пуслоўскіх, або Косаўскі замак, які не мае аналагаў у Беларусі. Яго архітэктура, выкананая ў стылі неаготыкі, унікальная.  Ён складаецца з дванаццаці вежаў, якія ўзвышаюцца над двухпавярховым будынкам самога палаца. Існуе меркаванне, што колькасць вежаў замка звязана з месяцамі года, а колькасць зубцоў на іх – з днямі тыдня.

Колькі цікавага і таямнічага можна пачуць, якія цудоўныя мясціны пабачыць, вандруючы па нашай Радзіме!

Галіна ГАЎРОШ,
член прафсаюзнай арганізацыі Гезгалаўскага ясляў-сада

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga