Ядвіга Гушча: “Беларусы заўсёды былі працавітымі людзьмі”

Важнае Грамадства

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 жніўня правёў пасяджэнне Савета Міністраў аб функцыянаванні эканомікі ва ўмовах санкцый і мерах па іх пераадоленні.

Перад Урадам пастаўлена задача, каб эканоміка краіны сёлета ва ўмовах санкцый і беспрэцэдэнтнага ціску спрацавала не горш за мінулагоднія паказчыкі. Прыняты рад стратэгічных рашэнняў па розных кірунках.

Форум шырока папулярызаваўся ў сродках масавай інфармацыі нашай рэспублікі і быў цікавым для нашых суайчыннікаў.

Сваімі ўражаннямі ад пачутага падзялілася сакратар раённага савета ветэранаў Ядвіга Гушча:

– Ужо на самым пачатку свайго выступлення кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да Урада і губернатараў абласцей, выказаў, на мой погляд, галоўную думку: “Як толькі ў беларускім грамадстве парушыцца стабільнасць, краіне адразу ж “дапамогуць”, нас хутка “падпаляць” цалкам і будзе горш, чым ва Украіне. Накормленыя, напоеныя, апранутыя, як у народзе кажуць, усё пакуль ёсць. Але гэта страцім у адно імгненне, калі расслабімся”.

Ведаю, што людзі мудрага ўзросту Дзятлаўскага раёна лічаць так жа, як і лідар нашай дзяржавы. Спакон веку чалавек толькі сам, сваімі рукамі дабіваўся дабрабыту. Каб дабрабыт быў у кожнага з нас, у краіне павінны панаваць мір, спакой і стабільнасць, каб не былі разбураны нашы дамы, каб дзеці і ўнукі хадзілі ў школу, атрымлівалі адукацыю, працавалі, стваралі ўласныя сем’і. Таму правільным і важным лічыцца кірунак на кансалідацыю беларускага грамадства, нездарма мінулы год быў Годам народнага адзінства.

Толькі ўсе разам і кожны, сумленна працуючы на сваім рабочым месцы, мы зможам дабіцца станоўчых эканамічных дасягненняў. Беларусы заўсёды былі працавітымі людзьмі, таму не трэба мітусіцца, панікаваць, трэба проста выконваць свае абавязкі на рабоце, дома, у сям’і. Калі зробім гэта не спускаючы рукавы – даб’ёмся адчувальных вынікаў.

Прэзідэнт адзначыў, што ў нас экспартаарыентаваная эканоміка. Зразумела, што ціск санкцый адчулі тыя вытворцы, хто цесна супрацоўнічаў з Захадам. Цяпер Беларусь актыўна пачынае асвойваць рынкі Усходу, супрацоўнічае з краінамі, якія адносяцца да нас па-сяброўску. Упэўнена, што час усё расставіць па сваіх месцах. Хто на працягу дзесяцігоддзяў прывык выконваць свае абяцанні, сумленна адносіцца да любой справы, выпускаць якасныя тавары і аказваць якасныя паслугі – заўсёды будзе запатрабаваным.

Што тычыцца імпартазамяшчэння, то старэйшае пакаленне цудоўна памятае часы Савецкага Саюза, эканоміка якога была самадастатковай. Спадзяюся, што ранейшыя база і веды будуць адноўлены і памножаны сярод краін СНД.

У наш час кожны кіраўнік гаспадаркі, прадпрыемства, арганізацыі, установы найперш павінен стаць руплівым гаспадаром, здольным падлічваць, планаваць, зберагаць і развівацца.

Пераходныя перыяды, а нам выпала жыць менавіта ў такі, заўсёды былі выпрабаваннем на трываласць для народаў і дзяржаў. Спадзяюся, мы пераадолеем гэты складаны этап годна, бо ў нас ёсць мудры, правераны часам лідар.

Ірына СТЫРНІК   

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga