У Міроўшчыне адзначылі свята вуліцы Дзятлаўскай

Культура і адпачынак Свежыя навіны

Году гістарычнай памяці і вуліцы Дзятлаўскай, што ў вёсцы Міроўшчына, было прысвечана гісторыка-культурнае мерапрыемства “Добрыя песні – добрым людзям”.

На цікавую сустрэчу вяскоўцаў запрасілі работнікі сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

– У кожнага з нас ёсць родны дом і блізкая сэрцу вуліца, дзе заўжды побач знаёмыя, сябры, суседзі. На вуліцы Дзятлаўскай таксама жывуць добрыя людзі, якія даўно ведаюць адзін аднаго, разам перажываюць радасці і нягоды, адзначаюць важныя даты, – павіталі гасцей свята вядучыя.

Навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Станіслаў Балабанскі нагадаў прысутным гісторыю вясковага парку, які некалі належаў знакамітаму шляхетнаму роду Стравінскіх.

Павіншаваў са святам і падзякаваў землякам за цёплую сустрэчу старшыня Вензавецкага сельвыканкама Алег Шымко. Ён адзначыў, што на вуліцы Дзятлаўскай жывуць доўгажыхаркі гэтай вёскі.

Усім прысутным ратаўнікі прапанавалі паўдзельнічаць у “Кірмашы бяспекі”. У рамках рэспубліканскай акцыі “З клопатам аб бяспецы малой радзімы” прадстаўнікі Дзятлаўскага райаддзела МНС сумесна з актывістамі добраахвотнага пажарнага таварыства арганізавалі тэматычную пляцоўку, дзе ўсе жадаючыя маглі пасядзець за рулём пажарнай аўтацыстэрны, пазнаёміцца з пажарна-тэхнічным узбраеннем і нават прымерыць баявое абмундзіраванне ратаўніка-пажарнага. Пераможцы пажарнай віктарыны атрымалі цікавыя прызы і памяткі. Таксама дадзенае мерапрыемства наведалі знаёмыя дзецям персанажы з мультсерыяла “Чароўная кніга”, з якімі можна было зрабіць памятнае фота.

Інспектар райаддзела МНС Мікіта Кандратовіч пазнаёміў усіх з умовамі акцыі і расказаў пра важнасць дапамогі людзям “залатога ўзросту”, нагадаў асноўныя прычыны пажараў, як пазбегнуць падобных сітуацый.

Добры настрой і вясёлыя песні вяскоўцам падарылі артысты Дзятлаўшчыны – народны ансамбль песні і музыкі “Ятранка”, ансамбль “Мара”, Сяргей Малышчык, Васіль Шпігановіч, Марына Варган, Ірына Бакшук.

Напрыканцы мерапрыемства работнікі МНС арганізавалі “воднае шоу” для жыхароў вёскі Міроўшчына, якое прынесла ўсім шмат станоўчых эмоцый.

Наталля АВЯРЧУК



Теги: