Сяргей Лях: “Большасць пытанняў звязана з абаронай парушаных правоў”

Важнае Улада

12 жніўня ў будынку Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта прыём грамадзян правёў намеснік старшыні эканамічнага суда Гродзенскай вобласці Сяргей Лях.

Са сваімі пытаннямі да Сяргея Іванавіча звярнуліся два заяўнікі – юрысконсульты, якія прадстаўлялі прадпрыемствы нашага раёна і ў сваёй рабоце сутыкнуліся з праблемнымі момантамі.

Сярод пытанняў, якія хвалявалі спецыялістаў Дзятлаўшчыны, – рэарганізацыя як шлях ухілення ад аплаты запазычанасці і спосабы судовай абароны ў гэтым выпадку прадпрыемстваў-крэдытораў, а таксама парадак прыцягнення да субсідыярнай адказнасці і парадак абмежавання права на выезд спецыялістаў арганізацыі-даўжніка. Падрабязныя адказы на зададзеныя пытанні з тлумачэннямі заяўнікі атрымалі адразу ў час прыёму.

Напрыканцы Сяргей Лях падвёў вынікі свайго рабочага візіту ў Дзятлава:

– Нават з пераліку ўзніклых пытанняў відаць, што цікавасць да эканамічнага правасуддзя на Дзятлаўшчыне прысутнічае. На мой погляд, гэта звязана з тым, што прадпрыемствы ажыццяўляюць гаспадарчую дзейнасць, ёсць нармальны дзелавы гаспадарчы абарот, суб’екты працуюць і працуюць добрасумленна. Большасць пытанняў звязана з абаронай парушаных правоў і непасрэдна сваіх інтарэсаў, менавіта з культурай выканання дагавораў. У гэтым я бачу станоўчыя моманты. Да ведама заяўнікоў даведзены спосабы абароны суб’ектаў гаспадарання, што з’яўляецца нашым прамым абавязкам. Цяпер яны ўжо самі будуць вызначацца з улікам прававой базы ў тым, якім чынам адстойваць свае інтарэсы і што рабіць далей. Таму лічу, што выязны прыём прайшоў недарэмна, і ў будучым падобная практыка работы будзе прадоўжана.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga