Субсідыя выкарыстана па прызначэнні

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Скончыўшы Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт Андрэй Насевіч па размеркаванні прыйшоў працаваць у арганізацыю нашага раёна, аднак думка адкрыць уласную справу ніколі яго не пакідала.

Рэалізаваць яе наш зямляк вырашыў, калі стаў беспрацоўным і задумаўся над далейшымі планамі на жыццё.

Ці проста было гэта зрабіць і як яму дапамагла падтрымка дзяржавы, індывідуальны прадпрымальнік расказаў для раённай газеты.

– Я лёгкі на пад’ём, – зазначае Андрэй Насевіч. – Калі звярнуўся ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама і зарэгістраваўся ў якасці беспрацоўнага, у аддзеле па працы і занятасці мяне азнаёмілі з вакансіямі, якія падыходзяць, расказалі і аб дзяржаўнай падтрымцы пры арганізацыі ўласнай справы. Пасля поўнай кансультацыі, як менавіта аказваецца садзейнічанне ў арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, я прыняў для сябе станоўчае рашэнне ў гэтым кірунку.

– З якімі цяжкасцямі давялося сутыкнуцца?

– Наогул цяжкасцяў не было, наадварот мне прапанавалі пяцідзённыя навучальныя курсы “Асновы прадпрымальніцкай дзейнасці”. За час навучання атрымаў для сябе шмат карыснай інфармацыі, бо лектарамі былі выкладчыкі беларускіх ВНУ, спецыялісты падатковай інспекцыі, Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Пасля заканчэння курсаў падаў у аддзел па працы і занятасці свой бізнес-план і абараніў яго. Затым мне выдзелілі субсідыю і я змог адкрыць ІП.

– На што трацілі атрыманыя грашовыя сродкі?

– Набыў абсталяванне для свайго будучага магазіна: халадзільнік, плацежна-касавы тэрмінал, рэкламныя шыльды і многае іншае.

Задаволенымі стартам у бізнес Андрэя Насевіча засталіся і ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

Як расказала намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці Ірына Баравік, пасля выдзялення нашаму земляку субсідыі яму на працягу 3-х месяцаў з дня адкрыцця прадпрымальніцкай дзейнасці неабходна было здаць у аддзел справаздачу, на што былі патрачаны выдзеленыя дзяржавай грошы. Андрэй Насевіч прадаставіў чэкі ўжо на працягу першага месяца. Імі індывідуальны прадпрымальнік пацвердзіў рэалізацыю свайго бізнес-плана. Заставалася заключыць, што субсідыя была выкарыстана па прызначэнні.

Дарэчы, субсідыю можна патраціць на куплю неабходнага абсталявання, інструментаў, сыравіны, матэрыялаў.

Важна ведаць: калі раней вы атрымлівалі субсідыю ці закрылі свой бізнес менш за год таму, то на новую можаце не разлічваць.

Умовы выдзялення стартавага капіталу застаюцца ранейшымі. Першае і галоўнае: атрымаць субсідыю, якую не трэба вяртаць, могуць толькі грамадзяне, зарэгістраваныя ў якасці беспрацоўных у аддзеле па працы і занятасці, якія дасягнулі 18 гадоў, калі на працягу аднаго месяца з дня рэгістрацыі не змаглі працаўладкавацца на прыдатную работу або зарэгістраваліся ў якасці беспрацоўных пасля праходжання прафесійнай падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі ці навучальнага курса “Асновы прадпрымальніцкай дзейнасці” і сумленна выконвалі ўсе абавязкі беспрацоўнага.

Другая ўмова: давядзецца прадаставіць камісіі, створанай ва ўпраўленні, сваё тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне эфектыўнасці арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці (бізнес-план) і абараніць яго. Калі з напісаннем узнікаюць праблемы, то беспрацоўнаму прапануецца бясплатнае навучанне асновам прадпрымальніцкай дзейнасці на аднайменных 5-дзённых курсах.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga