Рэалізацыя Дэкрэта № 18. “Корань зла” – спіртныя напоі

Важнае Грамадства

Адбылося чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, на якім задаволена хадайніцтва аб прызнанні немаўляці маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне; разгледжана 7 адміністрацыйных пратаколаў; прынята рашэнне аб спыненні работы па комплекснай рэабілітацыі з дзяўчынай, якая дасягнула паўналецця; члены камісіі таксама разгледзелі прадстаўленне пракуратуры Дзятлаўскага раёна і абмеркавалі планавыя пытанні прафілактыкі.

Двойчы на адны і тыя ж граблі

Жанчына, якая выплачвае грашовыя сродкі на ўтрыманне старэйшага сына, нават была асуджана за іх нявыплату, нядаўна нарадзіла дачку. Усяго тры месяцы прайшло з дня з’яўлення дзяўчынкі на свет, а маці зноў пачала праяўляць свае абыякавыя адносіны да дзіцяці. “Першыя званочкі” аб нарастаючым сямейным недабрабыце з’явіліся яшчэ на момант выпіскі жанчыны з радзільнага аддзялення: шлюб з сужыцелем у яе не зарэгістраваны, жыць з немаўлём ім літаральна не было дзе, бо з папярэдняга месца жыхарства пару з дрэннай рэпутацыяй выселілі з-за запазычанасцяў па плацяжах. Нованароджаную прызналі ў сацыяльна ненадзейным становішчы, гора-маці паспрабавала выправіць сітуацыю і набыла за дзяржаўную дапамогу па нараджэнні дзіцяці дом, дзе стварыла неабходныя ўмовы, каб гадаваць дачку. Праўда, “ідылія” цягнулася нядоўга: жанчына некалькі разоў прапускала планавыя прыёмы ў доктара-нарколага, дзе стаіць на ўліку, таму цяга да спіртнога ў яе аднавілася.

“Трывогу забіла” медработніца, якая спланавала свой чарговы візіт да немаўляці, аднак раніцай атрымала ад гора-маці тэлефонны званок, што дома яе не будзе, нібыта з-за афармлення дакументаў. Медык папрасіла жанчыну перазваніць, як толькі наладзіць усе справы. Паколькі абяцанне засталося нявыкананым, спецыяліст у другой палове дня накіравалася на знаёмы адрас. На ўваходных дзвярах яе сустрэў навясны замок, але падазрэнне выклікала незашклёная шыба каля яго, медработніца пачала стукаць – пачула плач немаўляці. З дзіцём на руках на парог выйшлі незнаёмыя п’яныя людзі. Доктар экстранна звязалася са спецыялістамі іншых службаў прафілактыкі і ўвайшла ў памяшканне. У хаце было брудна, моцна накурана, паўсюль валяліся акуркі, у дзіцяці быў брудны памперс, ад бутэлечкі з сумессю ішоў непрыемны пах, а маці моцна спала. Яе ледзьве ўдалося разбудзіць. Паколькі жанчына была нецвярозая, пакласці яе ў стацыянар разам з дачкой было нельга, таму медыкі папрасілі гора-маці працвярозець і прыйсці да немаўляці раніцай. Замест гэтага аматарка моцных напояў прадоўжыла злоўжыванне, шукаць яе давялося некалькі дзён па знаёмых.

Усе члены камісіі па справах непаўналетніх на пасяджэнні аднагалосна прынялі рашэнне прызнаць маленькую дзяўчынку маючай патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Гора-маці папярэдзілі, што калі за 6 месяцаў стабільна не вернецца да здаровага ладу жыцця, то яе могуць пазбавіць бацькоўскіх правоў.

Бутэлькі растуць, як грыбы

Наш непаўналетні зямляк, навучэнец Лідскага ліцэя, быў затрыманы п’яным на свяце Купалле ў гарадскім пасёлку раёна. Як аказалася, гэта ўжо другі на працягу года “п’яны” пратакол хлопца: такі ж быў складзены ў верасні за знаходжанне нецвярозым у інтэрнаце навучальнай установы. На Лідчыне з падлеткам вялася індывідуальная прафілактычная работа. Цяпер за паўторнае парушэнне антыалкагольнага заканадаўства навучэнец “зарабіў” сабе комплексную рэабілітацыю, а каб меў грашовы даход, то зарабіў бы яшчэ і штраф да 8 базавых велічыняў. На пытанне, дзе ўзяў злашчасны алкаголь, хлопец агучыў членам камісіі класічную версію: “Знайшоў”. Што ж, на Купалле нават папараць-кветку знаходзяць.

Яшчэ адзін наш юны зямляк, ужо навучэнец Слонімскага ліцэя, да адміністрацыйнай адказнасці таксама прыцягваецца паўторна на працягу года. Ён, ідучы з дыскатэкі ў райцэнтры, падышоў да столікаў мясцовай сталовай, што стаяць на вуліцы, адтуль забраў недапітае спіртное. Пасля своечасова вярнуўся дахаты, каб паказацца бацькам цвярозым, а калі яны заснулі, выпіў і пайшоў гуляць. Затрыманы быў, калі завітаў у школьны летнік, каб паразмаўляць з равеснікамі. Юнак ужо працуе, таму ён за свае паводзіны заплаціць штраф, з ім таксама будзе праводзіцца комплексная рэабілітацыя.

Дарослых слухай, а свой розум май

Наведванне дня нараджэння сяброўкі “вылілася” адразу ў 5 адміністрацыйных пратаколаў для юнага жыхара раёна. Разам са старэйшым паўналетнім сябрам, якому сям’я хлопца поўнасцю давярала, бо нічога кепскага за маладым мужчынам раней не заўважала, падлетак на машыне накіраўваўся на знаёмы адрас.

Юнак і мужчына захапілі з сабой спіртныя напоі: дарослы – мацнейшы, выпускнік – лёгкі. Пасля іх ужывання ў час свята старэйшаму таварышу стала кепска, дзеці павялі яго дахаты. Па дарозе высветлілася, што згубіліся ключы ад аўто, якое, да слова, увогуле належала трэцяй асобе. Мужчына папрасіў свайго малодшага сябра абавязкова іх адшукаць і прыгнаць яму машыну. Ключы знайшліся ў аўтамабілі, а выконваючы просьбу, непаўналетні вадзіцель трапіў у аварыю: пашкодзіў чужое прыпаркаванае аўто і агароджу. Пратаколы на яго склалі за ўпраўленне аўтамашынай без тэхагляду, без вадзіцельскага пасведчання, за аварыю, і што пакінуў месца здарэння, і, вядома ж, за п’яную язду. Нанесены чужой маёмасці ўрон вінаватым давядзецца аплаціць пасля рашэння суда, а вось ад значнага штрафу юнага вадзіцеля выратавала толькі адсутнасць уласнага заробку, ён афіцыйна папярэджаны аб недапушчэнні падобных паводзінаў у далейшым. Хочацца спадзявацца, што жыццёвы ўрок пойдзе на карысць выпускніку, бо хлопец характарызуецца выключна станоўча, тым не менш да паўналецця яго чакае індывідуальная прафілактычная работа.

Прафілактыка патрабуе грунтоўнага падыходу

Другая частка сумеснага пасяджэння членаў камісіі па справах непаўналетніх, каардынацыйнага савета райвыканкама па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18 і спецыялістаў службаў прафілактыкі раёна была прысвечана разгляду прадстаўлення пракуратуры Дзятлаўскага раёна і планавых пытанняў па розных кірунках дзейнасці. Яна прайшла пад кіраўніцтвам куратара сацыяльнай сферы – намесніка старшыні райвыканкама Ігара Кухарэвіча.

Было адзначана, што ў раёне назіраецца рост колькасці непаўналетніх у сацыяльна ненадзейным становішчы, цяпер такіх 100 з 42 сем’яў. Павялічылася і колькасць дзяцей, прызнаных маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

У час пасяджэння абмеркавана і такая важная тэма, як актыўнае далучэнне непаўналетніх да розных відаў карыснай занятасці, гуртковай работы, студатрадаўскага руху, іх аздараўленне ў летніках. Пазітыўнае і карыснае баўленне вольнага часу падлеткаў і моладзі напрамую ўплывае на зніжэнне колькасці фактаў супрацьпраўных паводзінаў, а таму і надалей гэты напрамак будзе ў цэнтры ўвагі спецыялістаў зацікаўленых службаў раёна.

Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Віталь ЮРГО,
намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнтка газеты “Перамога”, член камісіі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga