Праверылі тэхніку, склады, утрыманне жывёлы

Грамадства Свежыя навіны

На працягу апошніх тыдняў пракуратура Дзятлаўскага раёна са спецыялістамі зацікаўленых службаў і Камітэта дзяржкантролю праводзіць рэйды па аб’ектах аграпрамысловага комплексу.

Першыя выезды ажыццяўляліся для кантролю за ходам падрыхтоўкі ўборачнай тэхнікі, далейшыя – для праверкі забяспечанасці здаровых і бяспечных умоваў працы на жніве-2022, а таксама для маніторынгу выканання заканадаўства па захаванасці сельскагаспадарчай жывёлы.

Якасная і своечасовая падрыхтоўка сельскагаспадарчай тэхнікі – асноўны гарант поспеху на працягу ўборачнай кампаніі, ад якога залежыць выкананне дзяржзаказу для перапрацоўчай галіны і забяспечанасць кармамі жывёлагадоўлі, а значыць, эканамічная паспяховасць і прыбытковасць сельгаспрадпрыемстваў. Сёлета беларускім аграрыям была пастаўлена задача да 8 ліпеня выйсці на 95 % гатоўнасць тэхнікі да жніва, перапрацоўкі і захоўвання новага ўраджаю. Згодна са справаздачай, на Дзятлаўшчыне на 11 ліпеня ўзровень падрыхтоўкі тэхнікі складаў 94 %, а збожжасушыльных комплексаў – 100 %. Аднак пракурорская праверка 13-15 ліпеня выявіла пэўную недакладнасць прадастаўленай інфармацыі. Сярод знойдзеных парушэнняў: неналежны санітарна-тэхнічны стан памяшканняў для захавання зерня; лёгкаўзгаральныя рэшткі збожжа і пыл на элементах збожжасушыльных комплексаў, што можа прывесці да пажару пры перагрэве; адсутнасць аптэчак, спецыяльнай вопраткі і абутку; але самы абуральны факт – знаходжанне работнікаў на працоўным месцы ў стане алкагольнага ап’янення і недапітае спіртное. Асноўная прычына ўсіх недахопаў –неналежнае выкананне службовых абавязкаў кіраўнікамі. Па выніках праверкі пракуратурай вынесена прадстаўленне.

Наступны маніторынг стартаваў з пачаткам жніва і таксама выявіў пэўныя парушэнні. Так, да перавозкі збожжа дапускалася тэхніка без тэхагляду, а ў пуцявых лістах не было пазнакі аб прадрэйсавым медаглядзе вадзіцеля; не поўнасцю адпавядалі патрабаванням пажарнай бяспекі аператарскія памяшканні збожжасушыльных комплексаў. Былі хібы і на ўчастках жывёлагадоўлі: яны тычыліся няправільнага захавання кармоў, парушэння графікаў кармлення цялят, занавожанасці стойлаў для буйной рагатай жывёлы, стыхійных звалак бытавых адходаў і вытворчага смецця на тэрыторыі фермаў. На ўсё гэта ўказана кіраўніцтву гаспадарак, вынесена яшчэ адно прадстаўленне пракуратуры.

Віталій ЮРГО,
намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: