Першыя тысячнікі – у ААТ “Граніт-Агра” (+відэа)

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Першымі ў раёне тысячу тон зерня новага ўраджаю перавезлі вадзіцелі ААТ “Граніт-Агра” Міхаіл Нагорны і Аляксандр Бакей.

4 жніўня яны прымалі віншаванні ад кіраўніцтва раёна, гаспадаркі, дзе працуюць, і прафсаюзаў.

Першы намеснік старшыні райвыканкама — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка падзякаваў аграрыям за стараннасць і плённую працу, уручыў ім дыпломы пераможцаў раённага спаборніцтва і грашовыя прэміі.

Словы віншавання вадзіцелям таксама адрасаваў старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак. Лідарам “Жніва-2022” ён перадаў памятныя падарункі ад прафсаюза работнікаў АПК – майкі і кепкі з лагатыпам грамадскага аб’яднання.

Павіншаваў сваіх работнікаў з першай “тысячай” і пажадаў не спыняцца на дасягнутым дырэктар прадпрыемства Станіслаў Мазур. За ўзяцце “першага рубяжа” аграрыі атрымалі ад гаспадаркі грашовыя прэміі і сімвалічныя медалі лідараў жніва.

Летнія кветкі і добрыя песні хлебаробам падарылі работніцы Данілавіцкага дома культуры.

Міхаіл Нагорны працуе ў гаспадарцы ўсё сваё жыццё – больш за 3 дзесяцігоддзі, і практычна кожны год перавозіць тысячу тон зерня, а то і дзве. Цяпер ён займаецца перавозкай азімай пшаніцы. На работу заўжды выходзіць з бадзёрым, пазітыўным настроем.

– Учора, напрыклад, перавёз 160 тон, – расказвае мужчына. – Ураджай сёлета някепскі, спадзяёмся паказаць не горшы вынік, чым у мінулыя гады.

Яго калега Аляксандр Бакей з уборачнай кампаніяй знаёмы з юнацтва. Яшчэ да службы ў войску ўдзельнічаў у жніве ў ролі памочніка камбайнера, ужо 28-ы сезон сам за рулём стальнога волата – МАЗа грузапад’ёмнасцю 20 тон. І амаль заўсёды ў перадавіках: былі на жніве вынікі і па 2 тысячы тон, і нават па 3.

– Работа ёсць работа, але першымі быць, вядома, прыемна, – кажа Аляксандр Міхайлавіч.

Наталля АВЯРЧУК
Фота Наталлі АВЯРЧУК, Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: