Па іншы бок закона

Важнае Грамадства

Як гэта – апынуцца па іншы бок закона, што здараецца з парушальнікамі і чаму злачынства – гэта не рамантыка, даведаліся падлеткі з клуба “Кантакт”, што працуе на базе сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава.

Прафілактычную экскурсію для іх арганізавалі педагогі ўстановы, каб навучэнцы на рэальных прыкладах убачылі, што хаваецца ад старонніх вачэй у лясным масіве недалёка ад аграгарадка Гезгалы, дзе размясцілася папраўчая калонія-пасяленне № 26, каго і чаму прывёў сюды зменлівы лёс.

У суправаджэнні сацыяльнага педагога Іны Нічыпаровіч і намесніка начальніка па папраўчым працэсе ПКП № 26 Аляксея Петрыкевіча, яны пачалі азнаямленне з папраўчай установай.

Звычайна ў калоніі-пасяленні зняволеныя пасля адбывання пакарання на аб’ектах больш строгага рэжыму праходзяць адаптацыю і сацыялізацыю. За многія гады (а тэрміны ў многіх на дзесяцігоддзе і больш) на свабодзе значны крок наперад зрабіў тэхнічны прагрэс, памяняліся сацыяльныя працэсы і з’явы. Чалавеку, які доўга жыў па рэжыме за кратамі, вельмі складана “ўвайсці” ў новы для яго свет, таму ў калоніі, ва ўмовах больш лёгкага рэжыму, яны прывыкаюць да асаблівасцяў жыцця на волі.

Дзеці і самі ўпэўніліся, што ўмовы адбывання тут максімальна прыбліжаныя да звычайнага жыцця: насельнікі носяць паўсядзённае адзенне, працуюць, самі разлічваюцца ў мясцовым магазіне, самастойна гатуюць сабе ежу ў сталовай, ладзяць быт, нават займаюцца спортам, а пры станоўчых паводзінах у калоніі дазволены спатканні, пасылкі, перадачы, таксама тут можна памаліцца ў храме Уладзіміра Гезгальскага, размешчаным на тэрыторыі.

Адбылася і шчырая размова з асуджанымі, якія згадзіліся сумленна, не замоўчваючы праўды, расказаць, што прывяло іх за краты.

– На той момант быў упэўнены, што ўсё раблю правільна і справядліва, – прызнаўся Дзяніс (імёны зменены). – Я разам з яшчэ некалькімі падманутымі вырашыў без дапамогі міліцыі вярнуць тое, што мне раней належала. Для гэтага мы розным чынам стараліся напалохаць нашага даўжніка, нават пагражалі яму зброяй. У выніку ўжо дзявяты год адбываю пакаранне, на волі засталася жонка, зусім дарослай стала дачка, якую пакідаў маленькай.

– Жыццё тут – гэта “санаторый”, які яшчэ трэба заслужыць, – характарызуе Яўген. – За кратамі я праводжу восьмы год, а асуджаны на 12 за наркотыкі. Ніколі не думаў, што так здарыцца. Быў адзіным дзіцем у забяспечанай сям’і, жыў добра, але пачаў курыць, піць, пазней – курыць “траўку”. Калі ў асабістым жыцці пачаліся цяжкасці, курыў часцей. Марыхуану даставаў сам, а паколькі з’явіўся яшчэ і такі ж блізкі сябар, то частаваў яго. Аказалася, што мае “пачастункі” гэты чалавек употай прадаваў. Таму ў 29 гадоў я быў асуджаны за распаўсюджванне наркотыкаў. Цяпер мне 36, уражанне ад турмы, якую прайшоў на пачатку зняволення, – жорсткасць і ніякай рамантыкі. Паміж мною, маімі жонкай і дачкой – пропасць амаль у дзесяцігоддзе. Ці патрэбен я ім, не ведаю. Трымайцеся як мага далей ад наркотыкаў. Не верце тым, хто абяцае грошы за “закладкі”. Самае дарагое – гэта жыццё на волі.

– Лёгкіх грошай не бывае, не рабіце нашых памылак, – параіў Антон, які адбывае пакаранне за забойства. – Мяне з жыццёвай дарогі пастаянна збівала спіртное. Менавіта пад яго ўздзеяннем парушыў закон і атрымаў прысуд на 16 гадоў зняволення. Разам з такой жа п’янай кампаніяй, як сам, пабілі пажылога мужчыну з-за грошай, якія ён адмовіўся даваць. Забіваць не думалі, проста алкаголь замуціў розум і нас нічога не стрымлівала, а чалавек праз тры дні памёр. Усе атрымалі “важкія” прысуды. Я за кратамі ўжо 13 гадоў. У турме ажаніўся, толькі тут пачаў разумець, наколькі важна цаніць блізкіх людзей і якую ролю яны іграюць у нашым жыцці. Родныя – самае каштоўнае, што ёсць у кожнага, а лёгкіх грошай не бывае, іх трэба зарабляць.

На развітанне Аляксей Петрыкевіч прапанаваў навучэнцам задумацца наконт прафесіі праваахоўнікаў, а яны ў сваю чаргу падзякавалі за сур’ёзны жыццёвы ўрок.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga