Мікалай Шых: “Вынік дзятлаўскіх хлебаробаў – лепшы за пяцігоддзе”

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Дбайны падыход да вырошчвання сельгаскультур, абнаўленне тэхнікі, вопыт і працавітасць нашых хлебаробаў і спрыяльнае надвор’е – інгрыдыенты дзятлаўскага каравая, які сёлета ўдаўся на славу.

Пра вынікі жніва 2022 года ў раёне расказаў намеснік начальніка аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Мікалай Шых.

– Мікалай Уладзіміравіч, які вынік маем на ўборачнай кампаніі 2022 года?

– Лічбы сёлетняга жніва радуюць. Практычна ўсе гаспадаркі раёна завяршылі ўборку ранніх зерневых і зернебабовых культур. Валавы намалот склаў больш за 60 тысяч тон, сярэдняя ўраджайнасць – 41,8 цэнтнера з гектара. Гэта лепшы паказчык за апошняе пяцігоддзе.  Валавы намалот новага ўраджаю вышэйшы за мінулагодні на 33 %. Даведзены гаспадаркам дзяржзаказ на заключным этапе выканання па ўсіх ключавых пазіцыях: пастаўлена 4360 тон азімай пшаніцы, 550 тон азімага жыта, 200 тон аўса, 600 тон піваваранага ячменю.

– Як справы з іншымі культурамі?

– Сёлетні ўраджай азімага рапсу таксама парадаваў: ён склаў 10 800 тон, што ўдвая больш за мінулагодні паказчык, пры ўраджайнасці вышэй за 30 цэнтнераў з гектара (летась яна была 21 цэнтнер з гектара). Гэты вынік самы высокі за апошнія 10 гадоў. Культура ўбрана ва ўсіх гаспадарках раёна, больш за тое, мы зрабілі добры задзел на наступны год: гаспадаркі засеялі 3770 гектараў азімага рапсу ў аптымальны тэрмін. Палова пасеваў прадстаўлена сартамі, другая палова – гібрыдамі. Унесены поўны комплекс угнаенняў, праводзіцца хімпраполка. Аграрыі Дзятлаўшчыны пастараліся, каб на наступны год атрымаць дастойны ўраджай гэтай культуры.

– Якая тэхніка была задзейнічана ў сёлетняй уборачнай кампаніі?

– На ўборцы зерневых і зернебабовых культур і рапсу на палетках сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна працавалі 56 збожжаўборачных камбайнаў, 43 з іх – вытворчасці айчыннага ААТ “Гомсельмаш”. Сёлета на Дзятлаўшчыне з’явіліся два  новыя камбайны маркі КЗС-2124 прапускной здольнасцю 16 кілаграмаў у секунду. Для дапрацоўкі зерня выкарыстоўваліся 18 зернеачышчальна-сушыльных комплексаў КЗСВ-30 прадукцыйнасцю 30 планавых тон у гадзіну.

– Хто ў лідарах сёлетняга жніва?

– Сельгаспрадпрыемствы, якія штогод лідзіруюць ва ўборачнай кампаніі, сёлета таксама паказалі сябе на высокім узроўні. У ліку першых закончылі ўборку СГФ “АграМілк”(дырэктар – Аляксандр Грынкевіч, галоўны аграном – Андрэй Лежань), ААТ “Граніт-Агра” (дырэктар – Станіслаў Мазур, галоўны аграном – Алена Майсейчык), КСУП “Жукоўшчына” (старшыня – Васілій Алясюк, галоўны аграном – Аляксандр Жэгала). Самая высокая ўраджайнасць (56,5 цэнтнера з гектара ў бункернай вазе) – таксама ў “АграМілку”, другія – “Граніт-Агра” (46 цэнтнераў з гектара), трэція – КСУП “Войневічы” (каля 38 цэнтнераў з гектара). Пры гэтым варта адзначыць, што ААТ “Граніт-Агра” – валаўтвараючае сельгаспрадпрыемства на Дзятлаўшчыне: чацвёртая частка пасяўных плошчаў усяго раёна належыць гаспадарцы, на іх рахунку 30 % валавога збору зерня.

– Узгадайце персанальныя дасягненні нашых хлебаробаў на жніве.

– У раёне ёсць камбайнеры, якія пераўзышлі рубеж у 2 тысячы тон намалочанага збожжа. Гэта Руслан Міклаш і Віктар Іода (СГФ “АграМілк”), Уладзімір Гукіш (ААТ “Граніт-Агра”), амаль падабраліся да гэтай адзнакі Андрэй Гукіш і Уладзімір Чарняўскі (ААТ “Граніт-Агра”). Больш за паўтары тысячы тон збожжа намалацілі Аляксей Лашкоўскі (ААТ “Граніт-Агра”), Руслан Палуносік, Міхаіл Кармільчык (СГФ “АграМілк”), Дзмітрый Сухецкі (КСУП “Войневічы”).  Лепшы вынік на перавозцы зерня паказаў Дзмітрый Бяляўскі з КСУП “Войневічы”: ён дасягнуў планкі ў 3 тысячы тон. Высокія паказчыкі, больш за 2,5 тысячы тон перавезенага зерня, маюць Аляксандр Бакей, Казімір Рысюк, Валерый Крысанаў, Міхаіл Нагорны з ААТ “Граніт-Агра”, а таксама Арцём Бандарэнка і Віктар Матук з СГФ “АграМілк”. Абсалютнымі лідарамі ў рабоце на сушыльных агрэгатах па выніках жніва сталі Андрэй Буча і Віктар Лазовік з ААТ “Граніт-Агра”: імі высушана 7758 і 5510 тон адпаведна. Трэці вынік – больш за 5 тысяч тон – у Паўла Глацько (ААТ “Дварэц-Агра”). Перадавікі ў кожнай катэгорыі ўшаноўваліся пры правядзенні спаборніцтва ў час уборачнай кампаніі, лепшыя па выніках жніва будуць адзначаны ўзнагародамі на раённых “Дажынках”.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga