Максім Ярмак: “Работа з лесам цікавая і перспектыўная”

Галоўнае Грамадства

Нядаўна калектывы арганізацый і прадпрыемстваў раёна папоўніліся маладымі спецыялістамі – выпускнікамі каледжаў і ВНУ нашай краіны.

У Дзятлаўскім лясгасе іх адразу чацвёра, працуюць у Вензавецкім, Новаяльнянскім, Ахонаўскім і Гезгалаўскім лясніцтвах, спасцігаюць лясную навуку на практыцы, пад куратарствам старэйшых таварышаў вучацца хутка і дакладна выконваць пастаўленыя задачы, даглядаць лес, весці дакументацыю.

Малады майстар лесу Новаяльнянскага лясніцтва Максім Ярмак прыехаў да нас са Смаргоншчыны. За паўгода работы ў раёне паспеў не толькі ўвайсці ў курс справы, але і шчыра палюбіць дзятлаўскія лясы.

– Выбар прафесіі – з дзяцінства, калі часцяком хадзілі ў лес па грыбы і ягады з татам і старэйшым братам, – расказвае малады спецыяліст. – Як скончыў школу, падаў дакументы ў Полацкі дзяржаўны лясны каледж, там прайшоў скарочаную праграму навучання за тры з паловай гады.

Гарпасёлак Наваельня, дзе над дамамі ўзвышаюцца велічныя сосны, уразіў тады яшчэ старшакурсніка Максіма Ярмака з першага погляду. Пасля месяца практыкі ў лясніцтве захацелася вярнуцца сюды зноў, ужо на пастаянную працу. Паспрыяў гэтаму рашэнню і калектыў падраздзялення, які прыняў новага спецыяліста ў сваю каманду са спагадай і падтрымкай.

У Наваельні маладому майстру лесу дапамаглі знайсці жыллё, выдаткі на якое кампенсуе лясгас, выплацілі “пад’ёмныя”.  Як бонус у рабоце – прыгожая прырода і свежае паветра штодзень.

За тэорыю малады чалавек удзячны полацкай “альма-матар”, практыцы навучылі старэйшыя калегі – майстры лесу Новаяльнянскага лясніцтва Уладзімір Сідорчык, Аляксандр Баковіч, Уладзімір Ненартовіч.

– У добрым калектыве і працуецца выдатна, – дзеліцца ўражаннямі Максім Ярмак. – Я нават паспеў паўдзельнічаць сёлета ў рэспубліканскай акцыі “Тыдзень лесу”, чым вельмі ганаруся.

Працоўны дзень майстра лесу пачынаецца ў 8 гадзін раніцы з разнарадкі, далей – у лес для выканання пастаўленых кіраўніцтвам задач. У выхадныя – адпачынак, аднак у пажаранебяспечны перыяд раз на два тыдні выпадаюць дзяжурствы па ахове лесу.

У райцэнтры малады чалавек паспеў пабываць за гэты час некалькі разоў, характарызуе Дзятлава як сімпатычны невялікі гарадок. У свой вольны час ён любіць гуляць па вуліцах Наваельні, атрымліваючы асалоду ад краявідаў. Дадому Максім ездзіць нячаста: адлегласць немалая, хоць дабірацца на маршрутным аўтобусе нескладана.  Праз некаторы час ён плануе зарабіць сродкі на ўласны аўтамабіль і паглядзець усю Беларусь.

Згодна з размеркаваннем на першым месцы працы Максім Ярмак будзе працаваць два гады, але лічыць гэты тэрмін толькі пачаткам.

– Работа з лесам цікавая і перспектыўная, за паўгода ў лясніцтве зразумеў: гэта сапраўды маё. Таму планую прадоўжыць працаваць па спецыяльнасці, атрымаць вышэйшую адукацыю ў гэтай галіне, – кажа ён.

Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga