“Лаві момант!” для трох сезонаў

Важнае Грамадства

Ярка, запамінальна, сярод сяброў у кінатэатры “Спадарожнік” прайшоў дзень імянінніка з гучнай назвай “Лаві момант!” для ўдзельнікаў аматарскага аб’яднання “Крыніца натхнення”, што працуе пры сектары нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і створана з ліку наведвальнікаў аддзялення “Праменьчык”.

У сяброўскай гасцёўні за кубачкам чаю асаблівыя людзі не толькі прымалі шчырыя віншаванні, але і, дзякуючы артыстам сектара і запрошаным работнікам культуры, для іх была падрыхтавана насычаная конкурсна-канцэртная праграма.

У творчай студыі сустрэліся імяніннікі трох сезонаў: тыя, хто адзначаў свае дні нараджэння зімой, вясной і летам. Цікавыя гульні, загадкі, сэлфі пад знакам задыяка, займальныя заданні і майстар-клас па ўсходнім танцы ад юнай госці з Гродна Сафіі Старавойтавай не давалі ім засумаваць.

Загадаць самыя запаветныя жаданні і выпусціць іх у неба з яркімі паветранымі шарамі прапанаваў вясёлы Буба з тэатра роставых лялек “Лялькі для ўсіх”.

У якасці падарункаў імяніннікі прымалі ад артыстаў музычныя і песенныя нумары, не абышлося і без сюрпрызаў ад сяброў і спецыялістаў аддзялення, а самым цёплым заданнем стала “Сэрца сяброўства”.

Завершыла праграму актыўная дыскатэка, дзе ўсе натанцаваліся ад душы.

Ірына СТЫРНІК
Фота прадастаўлена арганізатарамі свята

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga